epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

След чалавека

Каб нанова мне выпала шлях пачынаць,

Я напэўна пайшоў бы, сябры, вандраваць.

Я б не проста пайшоў па зямлі вандраваць,

Я пайшоў бы ў дарогу з кіркою цяжкой,

З картай стэпаў і гор я пайшоў бы шукаць

Скарбы нетраў і траў чараўнічы настой.

На далёкім Урале

цвіце малахіт,

Каля Гомеля спее

буйны ранет.

Апранае Таймыр

вясны аксаміт,

І па ўсёй Радзіме —

пралёг твой след.

Пырскне нафта струменем —

Ажывае твой след;

Горад стрэхі адзене —

Ажывае твой след;

Стэп чыгунку сустрэне —

Ажывае твой след,

Пераможцы след,

Шукальніка след.

Ты не можаш спыніцца, не можаш чакаць.

Ледзь забыўся — гукае ўжо ясная даль:

Кліча тундра — скажу, дзе алмазы ляжаць,

А Кузнецк — пакажу, як робіцца сталь,

Кліча Крым — навучу вінаград расціць,

А Памір — адкрыю вяршыняў сакрэт.

Хто ж стрывае, скажыце, каб не пайсці?

І па ўсіх дарогах — звініць твой след.

Грукне радасна молат —

Ажывае твой след;

Новы выспее колас —

Ажывае твой след;

Гляне золата з долу —

Ажывае твой след,

Пераможцы след,

Шукальніка след.

Кліча ясная даль. І зямля — ледзь крані —

Загаворыць на шчырай мове з табой.

Ты закурыш пры цёплым дарожным агні

І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой.

Каб намарна годы ў жыцці не прайшлі,

Не лічыў ты ў дарозе ні зім, ні лет.

Новы ўпарты вандроўнік — па ўсёй зямлі

Будзе браць кірунак

На кожны твой след.

Шлях заззяе у зорах —

Ён пазнае твой след;

Судна пройдзе па моры —

Ён пазнае твой след;

Нівы ўспеняць прасторы —

Ён пазнае твой след,

Чалавека след,

Пераможцы след.

1947—1948


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан