epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слова да хлопчыкаў

Хлопчыкі,

Не крыўдзіце дзяўчынак,

Хлопчыкі,

Вы ж будучыя воіны.

Помніце:

Без дружбы немагчыма

Перайсці

Праз ростані і войны.

Запытайце ў тых,

Каму вядом быў

Кожны бой,

Нібыта ўрок навукі,—

Колькі раз

Выносілі пад бомбамі

Іх з агню

Сябровак мужных рукі.

Там, дзе на шляхах

Слупкі барвовыя

Сон магіл

Вартуюць

Днём, уночы —

Побач з болем воіна

Суровым

Пахаван

І светлы сум дзявочы...

Хлопчыкі,

Вазьміце кветкі мая

І за ўсіх,

Хто лёг пад абеліскі,

Падарыце кветкі

Ленам, Маям,

Верам, Валям,

Светачкам і Раям,

Што сябруюць з вамі

Ад калыскі.

Будзьце ўсюды ў свеце

Абаронцамі

Перасмешніц

Ласкавых —

Дзяўчынак.

Помніце:

Без дружбы — як без сонца,

З дружбаю —

Ўсё лёгка і магчыма!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан