epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слова да маці

Ты сумуеш — і я гэта бачу.

А зрабіць — што магу я, скажы?

Глянь, як ветразь над хвалямі скача,

Як ён бурна ляціць па Сажы.

 

Глянь хутчэй, бо яшчэ праз хвіліну

Ён сальецца з абрысамі хмар.

Зразумець ты нарэшце павінна,

Што зямля — гэта круглы шар.

 

Толькі-толькі што ты цалавала

Свайго ўнука, як колісь мяне,

А цяпер панясло яго валам

Усё ўперад — рука на стырне.

 

Вось ізноў ён мільгнуў перад намі

І напэўна ўжо знік назусім —

За лугамі і курганамі,

За палямі, за лесам сівым.

 

Што ён стрэне ў дарозе — не знаю,

Але знаю: жыццё ў яго ёсць.

І хачу, каб з любоўю да краю

Паўтарыў ён маю маладосць.

 

Каб ці ў бурах, ці ў ясных заранках

Толькі з мужнаю праўдай дружыў,

Не шукаючы ціхіх прыстанкаў,

Для Радзімы змагаўся і жыў.

 

Каб душу меў адданую, чулую,

Дружбу шчырую ўмеў шанаваць...

Пойдзем, маці. Расстанне мінула.

Годзе птушкай табе кукаваць.

 

Зразумець ты нарэшце павінна,

Для чаго ты нам крылы дала:

Каб ляцець, прабівацца няспынна

Усё ўдаль, да жыцця, да святла.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан