epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слова да сэрца

Чаго ты хочаш,

адкажы не тоячы,

Куды ляціш,

нарэшце мне скажы!

То біла ты маланкамі

надоечы,

То сёння аж трымціш,

як на нажы.

 

То ты за даўняй нейкай

гоніш згадкаю,

То ў новую кідаеш

далячынь.

То многа табе месца

пад палаткаю,

То мала там,

дзе ўся нябёсаў сінь.

 

Няспынным быць —

Завеш мяне

Імклівае,

То грукаеш трывожна

ў цішыні.

Ты і журботнае,

Ты і шчаслівае,

Ты і вартоўнае:

спрабуй, крані.

 

Так б’ешся, сэрца,

ты з бясконцым рокатам.

І я жыву —

смяюся і тужу.

І кожны дзень

не расстаюся з клопатам

За ўсё жыццё.

І кожны дзень кажу:

 

Няўжо табе

ніколі не жадаецца

Жыць для сябе...

забыўшыся на ўсіх...

Такія ж ёсць,

Што мірненька гайдаюцца,

Як маятнікі —

роўна, міг на міг...

Няўжо табе,

заўзятае ты, шумнае,

Не лепш было б

жыць ціха, без трывог?

Штораз скажу так

і штораз падумаю:

Ды як жа так?

Няўжо б стрываць я мог,

Няўжо б сцярпеў,

каб з мэтай самалюбнаю

Лагодненька

ты білася ў мяне?

Заўжды шукала

сцежачку нязгубную...

Адных уцех...

Няўжо б стрываў я?

Не!..

 

Няхай — лепш будзе цяжка,

ды без марнасці.

Хай лепей будзе боль,

чым немата.

Чым глушыня —

дык лепш пад ветрам твар нясці,

Жыць у гарэнні,

калі жыць да ста.

Яшчэ не раз, напэўна,

дум не тоячы,

Табе скажу я:

— Ну чаго крычыш?

Куды ляціш ты, сэрца?

І няўжо яшчэ

Ажно й дасюль

няўрымсліва гручыш?..

 

Я так скажу,

а ты не слухай, роднае.

А ты грымі,

гары і не стухай!

І што ж —

няхай, як дзіва мімалётнае,

Ў жыцці нам будзе ціша,

Што ж, няхай...

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан