epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слова народа майго

Слова народа майго,

Родная мова,

Нават і ў рэху

на ростанях свету —

Чутна

Тваё мне гучанне.

Радасць ці смутак,

Дума цяжкая

ці светлы лятунак —

Чую спагаду

І блаславенне тваё,

Маё вернае слова.

 

Слова народа майго,

Родная мова...

Як ад калыскі

Вяло ты мяне

Па дарогах жыццёвых нялёгкіх,

Так і далей —

Не пакінь без падтрымкі,

Дай сілу

Адужаць той боль,

Што над духам маім

Можа ўзняцца суровай часінай...

Будзь назаўжды

вартавым для мяне,

Маё вернае слова.

 

Слова народа майго,

Родная мова...

Хоць ужо і не грэх

Гаварыць аб апошнім

дыханні сваім,

Хоць ужо засталося

Так мала праменняў маіх

У высокім блакіце,—

А прашу:

Навучы мяне,

Родная мова мая,

Яшчэ больш адчуваць

Сваю сувязь

з бацькоўскай зямлёй,

Гарачэй і мацней

Дарагую Радзіму любіць...

Як найлепей

Апошнюю сэрца крывінку

Аддаць

Для народа свайго —

Навучы мяне,

Вернае слова народа...

 

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан