epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слова пра маці

Я маленства сваё і юнацтва сваё прыгадаю,

Сцежкі ціхія ў полі...

Ты ж, здаецца, ніколі

Не сказала мне

Нават і слова аб краі.

 

Толькі пела мне песні

Аб цёмных бяздонных азёрах,

У якіх ажываюць начамі

Апаўшыя зоры,

 

Аб дрымучых лясах,

Дзе асілкі змагаюцца з цмокам,

Аб дарогах-шляхах,

Што заводзяць далёка-далёка,

 

Аб шырокіх палях,

Дзе цалуецца жыта з зарою,

Аб сівых курганах,

Дзе сном вечным паснулі героі...

 

Я маленства сваё і юнацтва сваё прыгадаю,

Сцежкі ціхія ў полі...

Ты ж, здаецца, ніколі

Не сказала мне

Нават і слова аб краі.

 

А чаму ж — толькі ўспомню аднойчы

Ў жыце зірк васільковы,—

Бачу дзень свой вясковы,

Усміхаюцца мне

Твае любыя вочы?

 

А чаму ж — толькі рынуся ў цёплыя травы,

Стану ў клейкае лісце —

Чую зноў: як калісьці,

Прыхінаюць мяне

Твае рукі ласкава?

 

А чаму ж на любым скрыжаванні,

на любой каляіне,

На любым павароце —

Аб тваёй мацярынскай турбоце

Кожны крок

Мне спявае і сёння ў краіне?..

 

Маці, маці!

Над сінім азерцам

Непагасная зорка гарыць прад вачыма.

Маці, маці!

Радзіма і ты,

толькі ты і толькі Радзіма —

Дзве трывогі на сэрцы...

 

Дзве трывогі, два шчасці

з маленства са мною.

І паклон табе нізкі,

Што ад самай калыскі

Ты вяла мяне, маці,

Няхітрай дарогай зямною!

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан