epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слёзы Раданы (Паэма)

Я не пясняр сівых паданняў

І заімшэлай старыны;

Былых стагоддзяў

цені-здані

Не заплывалі ў мае сны;

Які там небудзь княжы пояс

Ці аскалепкі гладышоў,

Што мой зямляк Палікарповіч

У вапне над Сажом знайшоў,—

Мяне цікавілі не многа

(Хай мне даруюць гладышы)...

Але сардэчная трывога,

Але жывы агонь душы,

Каханне, мары і надзеі,

Любоў да бацькаўскай зямлі,

Што праз нягоды й буравеі

Ка мне ад прадзедаў дайшлі

Ці то ў легендзе, ці то ў песні,—

Мяне хвалююць кожны раз...

 

 

*

І, як далёкае прадвесне,

Мне паўстае далёкі час.

І бачу я і ганаруся,

Што й продак мой

у даўні век

Перад чужынцамі не гнуўся,

Не адступаў ад родных рэк,

Умеў любіць і ненавідзець,

Умеў для дружбы дарагой

Як трэба

смерць сустрэць на дзідзе...

Быў чалавекам продак мой!

І з ім сваю я роднасць чую,

Ці смех, ці гнеў нясу ўваччу,

Ці ляда новае карчую,

Ці перад крыўдай не маўчу,

Ці шчасця другу я жадаю,

Ці меч за край свой узніму —

Заўсёды

роднасць адчуваю

З сваім я продкам!

І таму

Мяне хвалююць яго справы,

Хоць і далёкія яны;

Але часамі так яскрава

Паўстане ява даўніны,

Так устрывожыць, што маўчання

Ты не даруеш ні-ані!..

І вось:

я чуў адно паданне

Пра незнаёмыя нам дні.

 

 

*

У краі тым, дзе я радзіўся

(Я з Магілёўскай стараны),

Дзе ў расцяробах Сож разліўся,

Ёсць вёска ціхая — Званы.

Навіс над ёю бор сасновы,

А каля хат і паміж хат,

То там — бліскотнаю падковай,

То там — як срэбраны канат,

Цячэ рачулачка.

Ніхто ёй

Не даў імя за ўсе вякі.

Адно мне помніцца: святою

Чамусь яе

мае бацькі

Лічылі, як і ўсе ў акрузе...

Я не суддзя сваім бацькам —

Старым, ім многае няўцям...

Але красой рачулкі ў лузе

Я захапляўся часта й сам.

Я прычашчаўся прахалодай

Яе крынічнай чысціні

І піў заўсёды

з асалодай

Ваду яе ў спякоты дні.

У час касьбы прыходзіў часта

З сябрамі я сюды спачыць.

Ляжыш пад вербай пакручастай,

А ля цябе струмень цурчыць,

Вядзе ціхутка свае шумы,

Нясе ў душу

пяшчотны звон —

І так салодка тваім думам

Глядзець у свет, у далеч дзён,

І столькі радасці прачнецца

За гэту шчырую зямлю,

Што ўстаў бы і пры ўсіх, здаецца,

Так і крычаў бы ёй:

«Люблю!..»

 

 

*

Дык вось, да гэтае рачулкі,

Дзе як крыло над вёскай бор,

Дзе з-пад зямлі крыніцай гулкай

Яна выходзіць на прастор,—

Пасля жніва, на Макавея

(Ёсць у старэйшых гэткі дзень),

Хай дождж, хай град, хай сівер вее,

Хай спёка —

тысячы людзей

Брылі і зблізку і здалёку...

Чаго яны брылі сюды?..

Адны ішлі шукаць палёгку

Ад нейкай хворасці-бяды;

Папоўскай хціваю ардою

Здаўна ім кінута хлусня.

Што як акропіцца вадою

З рачулкі той на золку дня

(Аддаўшы грошы, безумоўна,

Папу ў бяздонную кішэнь)

Сляпы —

дык зноўку ў дзень цудоўны

Убачыць сонечны прамень,

Калека — пойдзе, хворы — ўстане...

Тых і папоў даўно няма,

А хто-ніхто яшчэ

ў тумане,

Усё верыць байкам тым дарма...

Другія, склаўшы на падводу

Духмяны летні свой багаж —

Гуркі, ранеты, кадкі з мёдам,—

Сюды спяшалі на кірмаш.

А трэція... Іх нават болей —

Дзяўчаты тут і юнакі.

Што ж, вольны дзень... І ім тут воля

Тут гарманісты й спевакі,

І жаніхі тут і нявесты...

Сустрэчы. Жарты. Шэпты. Смех...

Там хтось ласуецца агрэстам.

Там точыць зубы аб арэх.

Там дзядзька лёгка выбіў корак,

Лье другу спірт:

— Святы, брат, на-а!

Ну, словам, скрозь —

людское мора,

Тлум, мітусня і гамана.

 

 

*

Такі малюнак мне застаўся

З дзяцінства...

Помніцца, не раз

Сюды я з бацькам выбіраўся.

І з той пары па гэты час,

Хоць шмат гадоў прайшло,

як рэха,

І маладосць вось-вось міне,

Я не забыў, якая ўцеха

Была тады тут у мяне.

Любіў я —

дзе ні прымашчуся,

Ці пад мажарай, ці між дрэў,—

Любіў я слухаць, як у скрусе

Спявалі лірнікі. Іх спеў,

Іх гранне простае збіралі

Нямала шчырых слухачоў.

Пра што старыя ліры гралі

Ў руках сівых барадачоў?

Пра што? —

на жаль, не распазнала

Душа ў малы дзіцячы век.

Адно прыгадваю: ўцірала

Бабуля слёзы з сініх век;

Дзявочы смех сціхаў;

мой бацька

Дрыготка браўся за капшук;

Круціць цыгарку па-мастацку

Умеў ён; тут жа — як без рук,

Хапаў за брудную паперу...

А я, ўтрапёны, бачыў я

Якіясь здані

ў хмарах шэрых,

Агні

над пікамі шчаўя;

Якіясь звонкія парывы

Гайдалі смуткам сэрца мне

З напеваў лірнікаў...

Не дзіва,

Што памяць раптам калыхне

Малюнкам тым, яго журбою...

І пасля музык гарадскіх,

Пасля трамбонаў і габояў,

Пасля канцэртаў зухаўскіх —

Так часам хочацца да слаўных

Мелодый лірных... Што за грэх...

І я ізноў пабыў нядаўна

Ля званаўскіх знаёмых стрэх.

 

 

*

Як і ў мінулым,

кірмашовы

Дзень гаманіў на ўсе лады.

І рослы, светлы, чарнабровы

Люд неспакойны, малады

Смяяўся сінімі вачамі,

Гарэў вясёлым макам шчок,

Ішоў — з шырокімі плячамі —

У вальс ці ў родны «Крыжачок»;

Хваліўся жытам, садавінай,

Бяседы ладзіў там і тут,

Дзяліўся радасцю, навінай,

Даваў пашану, ладзіў суд —

Такой прыпеўкай адмысловай

Раз-пораз сыпаў...

— Ну і ну! —

Хто-небудзь скажа...

Адным словам,

Тут знаюць кожнаму цану.

І нездарма, вядома, знаюць,

Бо нездарма на іх грудзях

Гады баёў і працы ззяюць

У ордэнах і медалях;

І калі сіл ім не бракуе,

І радасць ёсць, дык што тужыць!

Хай кожны бачыць,

як святкуе

Той, хто прыгожа ўмее жыць.

І зноў, і зноў гулі баяны,

І пары ў круг ішлі;

і зноў

Бацькі глядзелі закахана

На ўдалых дочак і сыноў;

І трэба мне прызнацца шчыра,

Што ў гэтым тлуме дарагім

Забыўся я зусім пра ліры

Свайго дзяцінства.

 

 

*

А між тым

Яны былі тут, іх ледзь чутны

Ў вясёлым гуле ціхі стогн

З’явіўся, нібы кліч пакутны

З далёкіх пройдзеных дарог.

З’явіўся ў радасць недарэчна,

Як дысананс у гуках дня,

Як бы аднекуль

з цьмы адвечнай

Ішла з ім смутку глушыня.

 

 

*

Я кінуў круг гуллівы, шумны

І за шарэнгамі падвод

Убачыў двух сівых, задумных,

Сагнутых лірнікаў.

Народ,

Відаць, на іх махнуў рукою,

Ў жыццё праклаўшы новы след.

Адно з слязінай нескупою

Іх слухаў сумны гурт кабет.

Пра што ж, я думаў, ліры граюць?

Што так заплаканы жанкі?

 

Ах, вось ён, спеў:

— Гой, краю наш, краю.

Чаму ж ты такі?

 

А ты ж і без хлеба,

А ты ж і без солі,

Адно толькі неба

Ды чыстае поле.

Чаму ж ты нам, краю,

Любы такі?..

 

Ліры іграюць...

Плачуць жанкі...

 

Плывуць над табою

Навалы-туманы,

Спавіты журбою

Магілы-курганы.

Чаму ж ты,

наш краю,

Пакутны такі?..

 

Ліры іграюць...

Плачуць жанкі...

 

Грымяць на нядолю

Чужыя гарматы.

Гэй, род наш саколі,

Стань братам ля брата,

Збірайце

па краю

Дружыны, сынкі...

 

Ліры іграюць...

Плачуць жанкі...

 

 

*

Было б, вядома, смешна вельмі

Кідаць дакор такім старым:

Маўляў, аб чым гэта

запелі вы!..

Ім, мусіць, лепей знаць —

аб чым.

Яны свой век не ў сне наіўным,

А ў грознай яве пражылі...

Але было ўсё ж трохі дзіўна

На гэтай радаснай зямлі

Сярод святочных спеваў, скокаў,

Дружыць з якімі край мой звык,—

Было ўсё ж дзіўна чуць

далёкай

Тугі

Глыбокі немы крык.

Крык, ад якога твары жоўклі,

Крык, што з слязой не пракаўтаць.

І я не мог — як ліры змоўклі —

Аб ім старых не запытаць.

 

 

*

Не буду зараз слова ў слова

(Не надакучыць хоць бы вам!)

Перадаваць усю размову,

А ўсё ж што-кольвек перадам.

 

Першы лірнік

А ты адкуль, саколе, родам?

Адсюль?

 

— Адсюль, мы землякі.

 

Другі лірнік

Радзіўся тут?

Ці мімаходам?

Мо недзе блізка сваякі?

 

— Радзіўся...

 

Другі лірнік

Га?

Першы лірнік

Гучней, саколе!

Больш ста яму, на слых слабы...

— Радзіўся тутака,

за полем

Вунь вёска: над Сажом дубы!

 

Другі лірнік

З тае ты вёскі?.. Эх, юнача,

Дык хіба ж змалку курганоў

Ты над Сажом не бачыў?

 

— Бачыў!

 

Першы лірнік

Народных многа спіць сыноў

У курганах тых...

Хоць чужацкіх

Шмат болей палягло ваяк,

Ды ля сваіх магілак брацкіх

Нам не пазбыць тугі ніяк.

Вось і згадалі мы сягоння,

У светлай радасці,

пра іх...

(Паказвае на другога лірніка.)

А песню нашу ён запомніў

Яшчэ з малых гадоў сваіх —

Бацькі спявалі...

 

Другі лірнік

(напявае, граючы на ліры)

Б’е крыніца,

Бяжыць рачулачка, бяжыць.

А ці каму хаця прысніцца,

Як многа сэрцаў тут ляжыць...

 

— А пра якія сэрцы згадка?

 

Першы лірнік

Эх, не такенькі гэта сказ...

Не просты і не блізкі,

братка...

А сказ пра дужа даўні час...

Іване!

 

Другі лірнік

(глядзіць запытальна)

 

Першы лірнік

Ударым мо па струнах?..

Ці ўжо стамілася рука?..

 

Другі лірнік

Га?

 

Першы лірнік

(моцна крычыць)

Можа, ўспомнім аб мінулым?

Спяём пра славу Петрака?..

 

Другі лірнік

(трохі падумаўшы, пад звон ліры напявае)

Эх, слава, слава...

Сілы б’юцца...

А груганы іх кроўку п’юць...

 

Першы лірнік

(узрадаваны, голасна пяе)

Паслухайце, пачуйце,

людцы,

Пра што вам ліры прапяюць!..

 

 

*

Даўно было —

з тае часіны

Мінулі сотні зім і лет —

На край наш родны,

край Айчыны,

Напаў ліхі чужынец-швед.

Ваякаў вёў кароль-ганора,

Задзіра Карла, хцівы кат.

І многа ён бяды і гора

Прынёс да ціхіх рускіх хат.

Нямала вёсак пагарэла,

Нямала склалася галоў,

Нямала рэчак папаўнела

Ад слёз сірот, ад плачу ўдоў.

А думаў Карла —

ох і злыя

Ён думкі ўзяў у галаву! —

А думаў ён скарыць Расію,

Разбіць, навек забраць Маскву.

І рушыў Карла з грознай сілай

Да наскіх пушчаў і палёў —

Яшчэ й цяпер відны магілы,

Дзе ён ішоў на Магілёў.

Жыла ў тым Карле смерць ліхая,

Што ўсё губіла без крыжа.

А да яго ваўчынай зграяй

Ішла падмога. Ля Сажа

Глухой дарогай лесавою

Спяшала —

дзе найкарацей.

 

 

*

І вось тады наш край,

як воін,

Сустрэў няпрошаных гасцей.

людцы, дзеці Беларусі!

Дачушкі нашы і сыны!

Заўжды, калі чужак імкнуўся

Да сэрца роднай стараны,

Заўжды і ўсюды,

скрозь, спрадвеку

Бярог народ святы хаўрус:

Заўсёды з рускім чалавекам

Ішоў на подзвіг беларус.

З дзяцьмі Расіі —

што б ні стала —

Ішоў заўсёды русы люд

За край —

зямельку, што люляла

З малых гадоў:

За родны кут,

За стрэх цяпло, за дуб пахілы,

За жураўліныя ключы,

І не было такое сілы,

Каб сэрца з сэрцам разлучыць.

Жалейка звонкая гукала,

І ліра клікала на бой.

Пакуль варожая навала

Гняла бядою і журбой —

На бой, на бой!

За мужам, сынам

Ляцеў жаноцкі боль услед.

І так было вось той часінай,

Калі гразіў Расіі швед.

 

 

*

Вось тут, дзе спіць зачаравана

Цар-дуб, дзе бор пабег радзей,

Калісьці з жонкаю Раданай

Жыў селянін, пчаляр Аўдзей.

Для ўсіх на свеце закаханых

Услаўце, ліры,

любых свет!

Любіла добрая Радана

Зялёны луг, мядовы цвет,

Любіла хатку пад дубамі,

Чатыры смольныя сцяны.

А хатку вішні абкружалі,

А іх — асілкі-валуны,

А на дубах — вуллёў калоды,

Залётны грай, званлівы гуд.

Прапах і верасам і мёдам

Паміж лугоў баровы груд,

Прапах, пяе —

звіняць прасторы,

Зямля лятункаў і надзей...

І грэх успомніць тут пра гора!..

Ды нешта хмурыцца Аўдзей...

Ды нешта сёння

ўстала рана

Радана,

ціхая ў журбе...

Чаго ты сумная, Радана,

Што растрывожыла цябе?

 

 

*

Радана чуе: недзе коні

Іржуць — аж рэха за Сажом.

А што за покліч за балоннем?

А кліч на мове на чужой?

Глядзіць Радана —

нават пчолы

Нібы стаілі галасы.

Чамусьці кружаць навакола,

А не ляцяць на верасы.

Задумны лес гамоніць глуха,

Здаецца,

журыцца і ён.

Што ты, мой лес, няўзнак падслухаў

Што там за грай? А што за звон?

Радана чуе: халадзее

Душа ў самой —

чаго той боль?

І кліча, сумная, Аўдзея,

Трывожна слухаючы бор.

 

 

*

Радана

Аўдзей! Мой любы!

 

Аўдзей

Што, Радана?

 

Радана

(бачыць у руках у Аўдзея старую дзіду)

Ты дзіду ўзяў?

 

Аўдзей

................................

 

Радана

Нашто, скажы?

Як хвалі ў буру разгайдана

Грымяць і б’юцца на Сажы,

Так маё сэрца б’ецца, любы,

Мне страшна.

 

Аўдзей

(абдымае Радану)

Я заўжды з табой,

З табой, Радана!..

Але трубы —

Ты чуеш — трубяць? Гэта — бой.

Пачаўся бой. Прыйшоў чужынец.

Зямля ахутана ў тугу.

Радана, любая,

павінен

Там быць і я.

 

Радана

(журботна)

Я не магу

Трымаць цябе...

Ды толькі помні:

Няма ў мяне нікога больш

На свеце.

Ранкам і ў сутонне

Адна схілюся пад журбой.

«Аўдзей! — гукаць, мой любы, стану..

Аўдзей, нашто мне жыць адной!..»

 

Аўдзей

Не трэба, любая Радана...

(Абдымае Радану, цалуе.)

Ці след жалобнаю струной

Байца ў суровы шлях праводзіць?..

Глядзі — іду я не адзін.

Бывай... Пяе зара на ўсходзе...

Завуць сябры...

 

 

*

І ў покліч дзід

Пайшоў Аўдзей,

прапаў за лісцем.

І вось Радана ўжо адна.

Дзе тая радасць, што калісьці

З каханнем ёй дала вясна?

Дзе ўцехі мілыя? Як быццам

Іх не было. Усё як сон.

Адкуль ты, гэта навальніца?

Адкуль слязы пякучай соль?

Стаіць Радана, суму поўна;

Ці чуеш ты, Аўдзей? Аўдзей...

Якім заўсёды ёй чароўным

Быў родны свет і кожны дзень,

І як жа сёння хмурна стала

Наўсцяж, куды ні пазірні.

Там, дзе галубка вуркатала,

Дзе пчолкі пелі ў цішыні,—

Там дзідаў звон нясе гасцінец,

І дым плыве за небакрай.

Там сёння бой,

там злы чужынец

Ірвецца вытаптаць наш край.

 

 

*

А быў тады ў Расіі царам

Харобры воін цар Пятрок.

Ля вёскі ціхай,

дзе барок

З рачулкай абабег абшары

Вясковых ніў,—

свае штандары

Паставіў ён і сам салдатам

Каля гарматы першай стаў.

Грыміць і б’е яго гармата,

Снапамі сцеле шведаў стан,

І дух у рускага ўзвышае

Запал геройскі Петрака.

Ды вось бяда:

не заўважае

Ніхто,

Што з дымнага ярка

Атрад варожы воўкам хіжым

Паўзе, бяжыць па хмызняках —

І да гарматы бліжай, бліжай,

І бліснуў меч ужо ў руках,

Вось-вось яго чужак узніме —

І ўдараць кроў і енк з грудзей...

 

 

*

І гэта з хлопцамі сваімі

Убачыў зводдалі Аўдзей.

— Хутчэй! Хутчэй! —

ён крыкнуў хлопцам.

Наперарэз, наперарэз!..

І ў нечаканай грознай бойцы

Аж застагнаў

вакольны лес.

Усё на свеце зналі шведы,

Умелі ўсё: паліць і біць.

Ды аднаго не зналі шведы:

Як можна край вось так любіць.

Не зналі,

Што вясковы, цёмны

Народ, нявучаны, руды

Давеку

песню маці помніць,

З якой пачаў свае сляды,

З калыскі

ў шчырым сэрцы носіць,

Каб і нашчадкам перадаць,

Зіхотны сказ

Пра тую просінь,

Дзе шчасця зорачка відаць,

Сказ пра зямлю,

дзе ўсё — як дзіва,

Дзе ўсё — мілейшае навек,

Дзе з роду ў род

даецца дзіда,

Каб жыў папраўдзе чалавек.

 

 

*

Жывая кроў бруіць, ірдзее,

Палеглі хлопцы, бы снапы.

Нямнога іх каля Аўдзея

Стаіць жывых,

Ды, як сляпы,

Не бачыць ён цяпер нічога.

Адно — чужынцы прад вачмі.

Пячэ душу яго трывога:

Каб не прайшлі, каб за плячмі

Не прапаўзлі.

І з дзідай вострай

Ён страшны хцівым чужакам.

Як той асілак,

дужы, рослы,

То тут ён схопіцца, то там

Са шведамі;

жывых гукае:

«Сябры, спыняцца не пара!»

А ў полі ўсцяж імкне, ўзнікае,

Як бура, рускае «ура!».

 

Гарматы б’юць —

пярун часамі

У рускай чуецца хадзе.

І нібы ў песні — з верасамі

Абняўся з радасцю Аўдзей.

 

 

*

Нарэшце сціхла пекла бою.

Ступаў на ногі слёзны змрок.

І загадаў тады Пятрок:

З усіх байцоў, з усіх герояў,

Што шведам тут

далі урок,

Хто ў гэты дзень сваёй адвагай,

Пайшоўшы мужна ў бой цяжкі,

Праславіў гонар рускіх сцягаў

І пераможныя палкі,—

З усіх герояў,

з кім па чэсці

Нароўні толькі што зара,

Знайсці найпершых

і прывесці

Да гасударава шатра.

— О цар! — сказаў тады пачціва

Сівы задумны генерал.—

Усе твае байцы — як дзіва,

Ты сам сабе іх выбіраў,

Нямала пала мужных сэрцам,

І многа іх ідзе ў страі,

Што не збаяліся ў баі

Ні сцішнай роспачы, ні смерці.

Але найпершымі між імі

Былі сягоння,

ведай, цар,

Байцы ў вясковых світках зімных,

Што збераглі нам твой штандар,

Не зваў ты іх на бой пад сцягам,

А кожны сам

пайшоў у бой

І самай смелаю адвагай

Свой край уславіў, як герой.

 

 

*

Пятрок узвысіў зірк арліны

І так сказаў:

— Усіх жывых

Знайдзіце мне —

мой стол гасцінны

Гасцінным будзе і для іх,

З сваіх грудзей адзнаку гэту

Я дам найлепшаму!..

— О цар...

Тваю адзнаку перад светам

Яны б як светлы неслі дар,

Але, як віцязі, на верас

Упалі ўсе —

не разбудзіць.

І толькі вецер

хвіляй шэрай

Іх кудры ціха шавяліць...

 

 

*

Пятрок шацёр свой пакідае

І крочыць сумны да барка.

І тут з жальбою разглядае

Байцоў у зрэбных шараках.

Яны ляжалі ўсе, як цені,

Бы з казкі —

волаты дзівос.

І кожны твар у летуценні

Жывым

якісьці заклік нёс.

Але ўсё роўна —

так здалося:

Яны гатовы ўзняцца зноў,

Хай толькі край ажыць папросіць

І ў бой пакліча, як сыноў.

І цар устаў, удзячны люду,

І праказаў байцам сваім:

— Нямала я пабачыў цудаў,

І ўсякіх земляў, і краін,

Ды каб не руская зямліца,

Калыска з песняй аб вяках,

То я хацеў бы тут радзіцца,

На гэтых спаленых пясках,

Зямлі вось гэтай

мужным сынам

Гатоў заўжды сябе ўявіць,

Дзе край свой родны,

край Айчыны

Вось так умеюць бараніць.

 

 

*

І загадаў Пятрок па войску:

Па-над магілай тых сялян

У гонар славы іх геройскай

Высокі высыпаць курган.

І першы сам зямелькі сцюжнай

Сыпнуў з натруджанай рукі.

І ўслед за ім

ахвотна, дружна

Пайшлі славутыя палкі,

І ноч ішлі,

ўсю ноч да ранку —

Як бы задумныя сяўцы.

Ішлі, ішлі бесперастанку

Хлапцы й сівыя мудрацы,

Ішлі салдаты-дабрадзеі —

І рос высока між палян,

Як помнік мужнасці Аўдзея

І ўсіх сяброў яго,

курган.

 

 

*

І вось і ноч ужо мінае,

Зара асенняя — як сон:

То зацвіце зямля лясная,

З нябёс —

маліны пырсне сок;

То захінецца хусткай цёмнай

Пад жоўтым роздыхам бяроз,

Нібы блукае хтось

бяздомны

Ды басанож па слёзах рос.

Не спіць Радана. Сэрца ные.

Ледзь дачакала ў скрусе дня.

І раптам чуе: цішыня...

Узлескі, далі барвяныя

Як бы заткала глушыня...

Так яе ўчора

дзень палохаў

Трывогай, грукатам цяжкім!

Так ёй хацелася хоць троху

Спачыць душой!

А сёння... Чым,

Чым ёй гняце душу маўклівасць,

Спакой знаёмых зараніц?

Стаіць Радана нематліва,

А сэрца плача, не спыніць:

«На світанні рана, рана

Сцюжыць ножанькі раса.

Толькі я хутчэй устану,

Каб ты глянуў, любы, глянуў,

Як цвіце мая краса...

 

Ой, Радана ты, Радана,

Ой, ты, русая каса!

 

Загагочуць гусі ў высях,

Я за імі паплыву.

Дзе ты, любы мой, вярніся,

Без цябе не пражыву.

Як без сонца кветка, звяну

Без цябе ўдалечыні...

 

Ой, Радана ты, Радана,

Ясны вочы, як агні!

 

Ой, жаноцкая ты доля —

Паслаць мужа на вайну.

Прыйдзі, любы мой,

ніколі

Цябе крыўдай не крану.

Я й касу кляпаць наўчуся

І атаву пакашу.

А разлюбіш —

пажуруся,

Каб не чуў, пагалашу.

Толькі з бітвы нечапаны

Па сваіх прыйдзі слядах...»

 

 

*

Ой, Радана ты, Радана,

Ой ты, ціхая бяда!..

Ходзяць думкі несціхана,

Быццам хмарак чарада...

 

 

*

Так захліпалася Радана

Пад колкім золакам журбой.

А ціш нямая

раным-рана

Яе трывожыла ўсё больш.

Ах, быццам нейкай страшнай ранай

Душу яе краіў спакой!..

І раптам

крыкнула Радана,

Як чайка ў буру над ракой,

І раптам

кінулася сустрач

Нясмелым першым прамяням,

Цераз лугі, па сініх пустках

Азёр, адданых туманам,

Цераз раку, цераз дубровы —

Як бы ёй нехта крылле даў —

Туды, дзе ўчора

бой суровы

Аж да змяркання грукатаў.

 

 

*

Прыбегла бедная Радана

У самы рускіх войскаў стан,

І з млосным енкам зарыдала,

І цяжка ўпала на курган.

Хто ёй сказаў, якая сіла,

Што тут ён, тут, яе Аўдзей?

Упала горка і бяскрыла,

Без спадзяванняў і надзей,

І білася аб груд кургана

Ў палоне жальбы і тугі.

І войскі ўсе перад Раданай

Схілілі сумныя сцягі.

І сам Пятрок у задуменні,

Як быццам чэсць ёй аддаваў,

Стаў перад ёю на калені

І ў светлы лоб пацалаваў;

Затым падняўся,—

як паходня

Свяціла сонца з-за ракі.

Зямліцы наскай, нібы роднай,

Сказаў Пятрок:

— Жыві вякі!

І войска ўзяў, расхваляваны,

І рушыў з ім у свет, ўдаль,

Адну пакінуўшы Радану,

А з ёй — яе тугу і жаль.

 

 

*

Пайшлі палкі. Зямля памалу

Скідала боль з дарог, з палос.

Адно Радана ўсё рыдала,

Усіх не выплакала слёз.

Прасіла вочанькі:

шукайце,

Дзе яго ножанькі прайшлі.

Прасіла ручанькі:

капайце,

Вярніце любага з зямлі.

Прасіла сэрцайка —

навекі

Аддаць сваю Аўдзею кроў.

Прасіла дзень —

жывыя лекі

Прынесці з пожняў і бароў...

Як маці, восень залатая

Сама хінулася да плеч.

І дзень мінуў,

і ноч другая

Прайшла і ўжо ступала прэч,

А засмучоная Радана

Усё аплаквала свой лёс.

І зазвінела

ля кургана

Крыніца-рэчка з яе слёз.

Бясконца, як туга ўдавіцы,

І сіня, як нябёсаў сінь,

Ударыла з зямлі крыніца

Жывымі сонцамі з глыбінь,

А з сонцаў тых

рачулка ўзнікла

І ўніз пабегла да лугоў,

Дзе Сож —

як дзед унучцы, звыкла

Штось гаварыў ёй з берагоў.

Глядзеўся свет замілавана

Ў рухомы люстраны блакіт...

І раптам крыкнула Радана —

Яшчэ раз горка і наўзрыд,

Яшчэ раз рукі заламала

І, дзівам дзівячы той кут,

Зязюляй жаласнаю стала,

Журботна кінула:

ку-ку...

 

 

*

Чароўны край,

цудоўны, наскі!

І нездарма

заўжды-заўжды

Ад першых сноў,

ад першай краскі

Зязюлі лічаць нам гады.

Нідзе не чутна ў свеце, мусіць,

Людзям такой жывой тугі,

Як тут,

у краі Беларусі,

Калі абудзяцца лугі,

Калі зязюлі з бору, з гаю

Крычаць да позняе начы.

Як бы для сэрцаў адмыкаюць

Дарогі ў мары

іх ключы.

Але адна з усіх зязюляў —

Паверце лірам, чулі мы,

І неаднойчы людзі чулі —

Крычыць

з вясны і да зімы.

І ўзімку нават чуць, магчыма,

Зязюлін кліч,

Як слёзаў ком,

Тут,

над крыніцай гэтай сіняй

І над курганным хмызняком.

І кажуць людзі, што ў тых далях

Не сціхне ён да той пары,

Пакуль сціскае сэрца жалем

Ад сцішнай скрухі на зары,

Пакуль па любых

слёзы льюцца,

Пакуль ахвярнасць ёсць і боль.

І будуць вечна,

верце, людцы,

На свеце вернасць і любоў!..

 

 

*

Замоўклі ліры. Над старымі

Сціхаў былых вякоў адчай.

Маўчалі людзі перад імі.

І я у роздуме маўчаў.

І ў цішы той

так гулка біла

Крыніца з доннай глыбіні,

І рэчка звонкая бруіла

Струмені слёзнай чысціні,

Што сэрца верыла:

вось зараз

Радана ўстане між людзей

І крыкне голасна ў абшары:

«Вярніся, любы мой Аўдзей!»

Папросіць вочанькі:

шукайце,

Дзе яго ножанькі прайшлі.

Папросіць ручанькі:

капайце,

Вярніце любага з зямлі.

Папросіць сэрцайка —

навекі

Аддаць сваю Аўдзею кроў.

Папросіць дзень —

жывыя лекі

Прынесці з пожняў і бароў.

І думаў я: дык вось чаму так

Завуць тут рэчачку святой.

Ад веку ў век лунае смутак,

Радалін смутак па-над ёй.

Ад веку ў век, ад сэрца ў сэрца,

Ад нашых пушчаў і сцяжын,

Не баючыся нават смерці,

Ідзе аб вернасці ўспамін.

 

 

*

І думаў я:

ніхто на свеце

Так не любіў сваю зямлю.

— Люблю! — і я крычу праз вецер.

Пад гукі лір крычу: — Люблю!

Не трэба золата, ні срэбра,

Ні найсалодшае маны.

Адна мне ты

навек патрэбна,

Адна — ад сонца і вясны,

Адна — ад любасці і веры,

Адна — ад шчасця і тугі.

Зямля мая, лугі, аеры,

Лясы, курганы, берагі,

Агні, дарогі, даль жывая,

Шляхі, сяброўская рука.

Зямля, дзе ўсе мы —

долі хвалі,

Дзе ўсе мы, ўсе —

жыцця рака.

Зямля, што самым светлым знакам

Свой крэсліць след жыццю ўсяму...

 

Зямля, дзе ёсць каму паплакаць

Па нас. І ўспомніць ёсць каму...

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан