epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слухайце ластавак

Адкіньце ўсё —

І смутак, і жальбу.

Забудзьце крыўду

Позіркаў няласкавых.

Станьце каля хаты пад вярбу,

Слухайце ластавак.

 

Слухайце,

Як скрушна шалясцяць

Крылцы іх,—

На льдзінкі

Голас колецца.

Ластаўкі

Заўтра адляцяць,

Сёння

На радзіму яны моляцца.

 

Моляцца

На ціхую павець,

На страху,

замшэлую і цёплую.

Ой, далёка

Ластаўкам ляцець!

Ці абзвоняць свет

жывымі кроплямі?

 

Ці прысудзіць лёс ім

Дасягнуць

Выраю,

Спаткаўшыся з наваламі?

Слухайце! —

Вось яны пяюць...

Слухайце! —

А вось ужо й не стала іх...

 

Жнівень позні

Ходзіць па мяжы,

Азірае з клопатам аселіцы:

— Можа, ты хоць ведаеш,

скажы,

Чалавек,

Дзе ластаўкі падзеліся?

 

Я стаю збянтэжаны,

тужу,

Быццам

Нада мной

Планеты скруха ўся...

Што табе я,

жнівень,

адкажу?

Я і сам іх

Добра не наслухаўся...

 

Верасень 1969,

Мінск — Нью-Йорк


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан