epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Смутак

Калі прыйшоў да паэта смутак,

Паэт высек з сэрца пякучае слова,—

І было яно цэлым светам пачута,

І душа супакоілася песнярова.

 

Музыка сказаў пра сум раптоўны

У песні, доўгай, як бура ўвосень,—

І ў кожнага — і спагады чароўнай,

І ўцехі для музыкі знайшлося.

 

Земляроб шчырай думкай параіўся з полем,

Рассяваючы зерні вясною,—

І поле на неабсяжным прыволлі

Зашумела ў адказ яму нівай густою.

 

І толькі маці — адна, як зязюля,

Ціха, каб людзі яе не пачулі,

Трывожачыся сэрцам пра ўсіх на свеце:

Аб музыку, земляробе і паэце,—

Памарыла — пакукавала над старой вярбою

І пайшла, гутарачы сама з сабою...

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан