epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Снегіры

Сёння ў сад наш

На зары

Прыляцелі снегіры.

 

На ўсіх яблынях

яны,

Дзе ні глянь, гайдаюцца.

Як чырвоныя званы,

Ветру адгукаюцца.

 

— Ты пытаеш, вольны вецер,—

Чутна ў садзе гамана,—

Ці мы хочам,

Каб на свеце

Зноў была вясна-красна?

 

Ты пытаеш, дзьмеш нястомна,

Дык жа ведай,

Дык жа знай,

Мы так хочам

зноў дадому —

У паўночны родны край!

А ў свой край

Ляцець

Лясны —

Мы не можам без вясны!..

 

Я пачуў гамонку тую

Ды бягу да снегіроў...

Радасць сэрца ім дарую

І вітаю, як сяброў...

 

Хай вам сад наш, снегіры,

Будзе ласкі поўны!

Дзе чакацьмеце пары,

Каб ляцець на Поўнач.

 

А каб менш цягнуўся час вам,

Каб было ўсё менш чакаць,—

Буду з вамі я тут разам

Кожны дзень

вясну гукаць!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан