epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сонца, і вецер, і ліўні..."

Сонца, і вецер, і ліўні

Пахнуць губамі тваімі,

Вочы твае мне смяюцца

З ласкавай плыні ракі.

 

Крыкну — і рэха здалёку

Гучна нясе тваё імя,

З кім павітаюся — чую

Поціск любімай рукі.

 

Светам праменным і гулкім,

Шчодрым і радасна-простым,

Светам юнацкае веры

Ты адкрываешся мне.

 

Людзі спытаюць, напэўна:

— Што тут? Любоў ці сяброўства? —

Я ж не падумаў пра гэта,

Гледзячы ў вочы вясне.

 

Ведаю толькі, што ранак

З песняй тваёю прыходзіць,

Дзень, калі ў поле ты крочыш,

Поўніцца ясным святлом,

 

Колеру воч тваіх вечар

Звонка плыве ў карагодзе...

Ведаю: ўстала, як шчасце,

Перад маім ты жыццём...

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан