epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сонца і Песня..."

Сонца і Песня

спаткаліся ў небе пад вечар.

— Няўжо ты не чула? — спыталася Сонца.—

Няўжо не чула?

Забілі яшчэ аднаго чалавека.

А ты весялішся — як быццам

З жалеза глухога або з камянёў тваё сэрца...

 

Песня сумелася.

Але адказала без боязі Сонцу:

— Ты, Сонца, высока —

Усё ты павінна і бачыць, і ведаць.

Чаму ж ты не знаеш, што сёння

на свет чалавек нарадзіўся?

Чаму ты не знаеш, што зараз

лячу я адтуль

і ўсім слаўлю народжання радасць?..

 

Сонца хацела разгневацца.

Але ўспомніла, што яно — Сонца

І павінна быць справядлівым і шчодрым

да ўсіх і ўсяго на свеце.

І абагрэла Песню народжання,

і правяло яе ўдаль прамянямі.

І Песня стала яшчэ больш радаснай

і яшчэ больш звонкай.

 

А ўнізе каля забітага

узнімалася песня другая,—

Жалобная і халодная.

І было ад яе горка ўсім.

Нават і Сонца пачувала сябе няўтульна.

Як ні старалася,

а не магло яе абагрэць.

 

І людзі, хоць і шкадавалі брата свайго,

а хто-ніхто і плакаў над ім,

І хоць усім было крыўдна,

ніхто не крывіў душой,—

Усе цягнуліся

да цёплай, радаснай песні.

Да той, што апявала

шчасце чалавечага нараджэння...


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан