epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сонца ўсходзіць над ракой

Сонца ўсходзіць над ракой —

Хоць вазьмі яго рукой.

 

Толькі я яго не брала,

Белу свету аддавала,

Полю з лесам, лугавінам,

Сінім рэкам і далінам,

Жыту буйнаму і краскам.

І ўсяму быў мой прывет:

Хай пад сонечнаю ласкай

Прыгажэе белы свет!

 

Сонца ўсходзіць над ракой —

Правяду яго рукой.

 

Але ёсць другое сонца:

Ходзіць міма ля аконца,

Ходзіць часта — ўсе глядзяць,

Ходзіць блізка, ды не ўзяць.

Каб змагла, дык сонца гэта

Я ўзяла б навек у света,

Для сваёй бы яснай долі

Поўным сэрцам узяла

І нікому і ніколі

Ні за што б не аддала!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан