epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Спі, дружа любы..."

Спі, дружа любы. Ты між іншых,

Быць можа, самы шчыры быў,

Шукаў сяброўства не па чыну

І не за выслугу любіў.

 

Прымаў пачуцці сціпла, проста,

Быў па-хлапечаму грубы.

Але такога сэрца росту

Мог пазайздросціць і любы.

 

І проста — пад агнём, пад сцюжай —

Упаў — на вочы дождж імжыў.

І ўсё аддаў бы я, мой дружа,

Каб так пражыць, як ты пражыў.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан