epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Спяшаю ў Вязынку

Спяшаю ў Вязынку...

Не паказаць сябе

Пад медзі звон,— маўляў, які Купалаў я...

Не, не! Звон медзі сціх... Ужо вянкі апалыя

Дарожны вецер стомлена скубе...

 

Спяшаю ў Вязынку —

нясу душы паклон

І думы чыстыя з прызнаннямі сыноўнімі,

Спынюся ў цішыні, чаканнем перапоўнены:

Ці ўбачу Песняра? — а можа, прыйдзе ён...

 

А можа, прыйдзе ён, і мо пабыць са мной

Ён знойдзе час, каб паблукаць сцяжынкамі,

Дзе пахне мурагамі і дажынкамі,

Даспелым кменам і парой грыбной.

 

Як многа трэба мне яму сказаць!

Як трэба мне параіцца пра многае!

Якой здаўна жыве душа трывогаю...

Якія перад ёй шляхі ляжаць...

 

Як навучыцца мудрасці святой —

Змагчы ўсе кволасці,

то сэрца свет наведваюць...

Спяшаю ў Вязынку —

ён, дарагі Пясняр мой, ведае...

Не пашкадуе мне ён дабрыні сваёй...

 

Не пашкадуе позірку, ў якім

І дух магутны, і спагада месцяцца.

Падкажа — як пад сонцам і пад месяцам

Жыць для людзей, як быць патрэбным ім.

 

Падслухаць сэрцаў гулкае біццё...

Паверыць у сваё прызванне светлае...

Пясняру дарагі,

святое, запаветнае

Ў цябе вучуся

аддаваць вякам жыццё!..

 

Спяшаю ў Вязынку...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан