epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Спеў

Як тая пчала —

без салодкага ўзятку,

Не магу я

застацца без песні.

Як тая крыніца —

з вадою крыштальнай,

Быць павінен я

з радасцю ў сэрцы.

 

З відна да цямна —

ўсё на крылах, на крылах,

З кветкі ў вулей,

ды з кветкі на кветку.

Хто спажыў яе соты —

пчала не пытае,

Прыйдзе дзень —

яна зноў у палёце.

 

Ад чысцюткіх глыбінь —

не шкадуючы моцы,

Усё прагне крыніца

пад сонца.

І ўсё звонка звініць...

П'юць ваду яе людзі

І не знаюць,

як цяжка

з зямлі прабівацца.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан