epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сталасць

Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос,

Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен.

Ты стаіш пад зялёнай страхою бяроз

У салдацкім шынелі з пагонамі ў просінь.

 

Ты глядзіш навакол і шукаеш з тугой

Залатога маленства усход нетрывалы.

І здаецца табе, што дарогай другой

Абышла твае мары суровая сталасць.

 

З-за пажараў ледзь бачыцца Ігараў сцяг.

І дружыны Алегавы — гэтак далёка...

І Данской — мо ў разанскага князя ў гасцях.

І Кастусь Каліноўскі — дзе лётае сокал?

 

Хочаш ты, каб зямля хоць бы пахам балот

Аб лятунках маленства табе прыгадала.

Не заўважыў ты ў громе няласкавых год,

Што да сонца ўзнясла твае пошукі сталасць.

 

Пераможцы-героі вялікай зямлі

Даравалі табе мужнасць роднай краіны,

Правялі цябе ў свет і на бой... І пайшлі

Зноў у хату тваю — да маленькага сына.

 

І не ведаеш ты, што хлапечыя сны

Ужо славай тваёй неўміручаю поўны,

Яны бачаць, як ты з першым ветрам вясны

К перамозе вядзеш свае грозныя чоўны.

 

Сын раскажа — як бацька яго пад Масквой

Супраць смерці ўстаяў.

Як ля сцен Сталінграда

Ты касіў чужаніцаў жалезнай рукой,

Як братоў на Няве ратаваў ад блакады,

 

Як на захад спяшаўся,

сваю Беларусь

Падымаў з папялішчаў — палацы і хаты...

Ты зайшоў бы да сына, ды нельга марудзіць —

Так вучылі цябе твае продкі-салдаты.

 

Ты спыніўся на міг пад страхою бяроз

І, гатовы да новага жорсткага бою,

Хочаш хоць бы прыпомніць,

як дужэў ты і рос,

Каб жылі твае даўнія ўцехі з табою.

 

Нам нялёгка у гуле змагання адчуць

Гартавання салдацкага мужную веліч.

Толькі кроў ды пажары стаяць уваччу,

Нездарма нашы скроні даўно пасівелі.

 

Але будзе часіна: ўтаймуецца бой,

А дажджы веснавыя загоны абмыюць.

І тады, мой таварыш,

мы ўбачым з табой

Нашай вечнае славы агні залатыя.

 

Прыгадаем, як продкаў гукалі сваіх,

Каб іх мужная шчырасць нам сілы давала.

І паставім скрыжалі і выб’ем на іх:

О хвала табе,

нашая грозная сталасць!

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан