epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Старая груша

Якія сны, бывае, часам сняцца!

Усю зіму, —

пад пошум сібернай слаты,—

Я сніў, што мне прыносіць пошта

(і тых сноў было не дачакацца!)

Ад грушы ад старой тужлівыя лісты.

 

То на карынцы,

то лістку злінялым, пералётным

Пісала груша

пра адзін свой непазбыўны боль заўжды:

Пра свой нялёгкі,

Пра маркотны

Лёс гаротны —

Пра старасці журботныя гады.

 

«Мой дружа!

Ты, відаць, зусім-зусім забыў памалу

Старую грушу па-над роднаю мяжой.

Якую так калісь любіў,

Якая на руках сваіх

цябе калісь люляла...

А я цяпер адна стаю пад сцюжнаю імжой...

 

А я ж цяпер нядужа...

Мой ты дружа, так нядужа...

А мне ж цяпер так сняцца

дні былой пары...

Каб ведаў ты,

як цяжка,

калі ўсцяж лютуе сцюжа,

Калі мне ў грудзі б’юць паўночныя вятры.

 

Каб ведаў,

як баліць маім старым галінам,

Пасечаным

і бурамі, і градам, і свінцом вайны.

Здаецца часам мне за век адна хвіліна.

Адна хвіліна, калі паліць сівер ледзяны.

 

Такой хвілінай, дружа,

хоць бы позірк, хоць бы слова.

Стаіш, дрыжыш, чакаеш —

нехта ж прыйдзе, цеплынёй дыхне...

Ды ўсё дарма... нікога...

І зіма мяце сурова...

І вось і ты таксама і не ўспомніш

пра мяне...»

 

Ах, груша...

Колькі раз я прачынаўся ў ноч глухую.

Цвяліў дакорамі шчымлівую душу.

І горача шаптаў у цемру:

— Вер мне, сум твой чую!

Ды толькі — што табе я, любай, адпішу?

 

Што адпішу, калі і сам я —

быццам дуб пахілы,

Пабіты цяжка немалым сваім жыццём.

І сам гукаю ў смутку

час юнацтва мілы

З такім далёкім светлым пачуццём.

 

І сам не раз хацеў пісаць з журбою

Тым маладосці дням,

дзе столькі ззяла мар! —

Калі душой заўжды сам зацвітаў з табою

І жыў адной вясной,

адной вясной без роспачы і хмар.

 

Я знаю, любая,

тых дзён для нас ніхто не верне...

Але ўспамін пра іх

не загасіць нічым...

І ўвесь я, ўвесь з табой,

і я прыйду, павер мне,

Няхай,

калі ўжо боль

дык будзе нам дваім!..

 

...Зіма сышла ў нябыт

апошняй хмарай нізкай,

Зашчыравала ўладна сонца над зямлёй.

І вось я зноў стаю

перад далёкіх дзён калыскай

Ля сцен замшэлых,

над бацькоўскай сходжанай мяжой.

 

Стаю зусім збянтэжаны:

як быццам

Усё мне тут знаёмае, да рысачкі адной,

А не магу паверыць, не дзівіцца:

Няўжо яна,

мая старая груша, прада мной?!

 

Няўжо яна — вось гэты вадаспад цвіцення?..

Вось гэты пчолаў бой —

салодкі ў кветках гуд?..

А груша — ўся бялюткая,

нястомная ў натхненні —

Цвіла, цвіла...

Ажно свяціўся мой бацькоўскі кут!

 

Цвіла — і велічнасцю павявала строгай

Ад белай яе, чыстай пекнаты...

О груша! — я ёй кланяўся, шчаслівы,

і, шчаслівы, зразумець не мог я,

Чаму ж яна,

чаму журботныя

пісала мне лісты?..

 

«Чаму? Скажы мне, любая...—

пытаўся я нясмела.—

Адкуль быў сум твой?»

А яна — маіх як і не чула слоў —

Усё яснела, пчолаў гуслямі звінела,

І новыя суквецці прамянелі

замест тых, што падалі далоў.

 

І хараство яе, краса яе ўладарна

Ішлі ў зачараваны шчасцем новы дзень...

І я пакінуў грушу —

дарагой зямлі бясхмарнай,

Лагодзе сонца, песням, радасці людзей.

 

І я дамоў вярнуўся,

светлы, мрояў поўны...

А хутка —

непазбыўна паміж сноў —

Ізноў мне сніўся сон і сумны, і чароўны:

Што груша мая ліст прыслала зноў.

 

«Ах, дружа добры,

ты даруй,— яна пісала,—

Што прад табой бязмоўнаю тады была.

Ты ж бачыў, дружа,

як мне часу не хапала,

Як мала было часу мне, калі цвіла.

 

Цяпер даў шчодра завязь цвет маёвы.

Аж звоніць плодны сок — з глыбінь імкне.

І я спяшаю да цябе...

Вось тое слова,

Што ў сонцы вёснаў выспела ўва мне.

 

Дык ведай жа, мой дружа:

колькі болю,

Які б цяжар ні слалі нам гады,

А трэба, каб да скону дзён

ніколі

Не пагасаў дух прагі малады.

 

Хоць і з пакутай горкае насланне

Гняце цябе —

штораз цяжэе днець,—

А трэба да апошняга дыхання,

Усё перамагаючы, квітнець.

 

Вось так праз век і буду так да скону

Прымаць глыбіняў сокі для лісця,

Для квецені над кронаю зялёнай —

Дзеля бясконцай плоднасці жыцця.

 

І ты —

калі бяда, магчыма, крыкнуць змусіць

Ад роспачы —

ўсё роўна прэч гані адчай!..

Квітнець, як прыйдзе час, нанова пачынай...

І ў той цяжкой,

мо самай слёзнай скрусе,

Прашу цябе:

мяне, старой, не забывай!..»

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан