epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Стары гвардзеец

Боль старыя косці вяжа,

На плячах — гадоў паклажа,

Цяжка падымацца.

А няўтома-сэрца кажа:

— І не смей здавацца!

 

Ты яшчэ патрэбен людзям,

Паглядзі на свае грудзі —

Як гараць адзнакі,—

Свет ніколі не забудзе

Пра твае атакі.

 

І ўстае сівы гвардзеец,

І жыве яго надзея,

Што і ён не лішні

Тут, дзе край наш маладзее,

Дзе народ увішны.

 

Ён паволі выйдзе з хаты.

І адразу хлапчаняты

Да яго гурбою.

Так іх ззяюць вачаняты,

Быццам перад боем.

 

— Любы дзеду,— просяць дзеці,

Пабудзь трохі з намі.

Раскажы нам, як на свеце

Біўся ты з панамі.

 

Раскажы нам пра герояў,

Як ішоў ты з імі...

І заўжды, любой парою,

З сябрамі малымі

 

Дзед прыпыніцца — згадае:

Як цара скідалі,

Дзе ў баях з самім Чапаем

Яны пабывалі,

 

Як з фашыстам ён схапіўся,

Як быў партызанам,

Перад катам не схіліўся,

А за край савецкі біўся

Мужна і аддана!..

 

Ён расказвае і бача:

Хоць сказ і суровы,

Ды як свеціцца ў дзіцячых

У вачах — запал гарачы

З кожным яго словам!

 

І заўсёды баявая

Радасць б’ецца ў сэрцы:

Значыць, значыць, нездарма ён

Ваяваў са смерцю,

 

Нездарма ён кроў

на многіх

На шляхах пакінуў:

Ёсць нашчадкі ў Перамогі —

Маладосць краіны.

 

Ёсць і будзе ў яго змена,

І ў жыцці заўсёды

Будзе, будзе ён нязменна

Воінам народа!

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан