epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Стэп

На сотні вёрст — ні кроплі вады.

Як шэры прысак зямля.

Былі тут калі хоць чые сляды?

Куды вы сігаеце, верблюды,

Над купінамі кавыля?

 

Длінь-длінь! — званы звіняць, звіняць,

Рассыпаўся звон навакол.

І там, дзе пясчаныя дзюны спяць,

Дзе легла на схілах тугі пячаць,

Яму адгукаецца дол.

 

Нас вабіць наперад не золата рог,

Не вінны заморскі склеп.

Ідзём мы вышукваць напрамкі дарог,

Каб стэп разбудзіць,

Каб ажыў ён і мог

Раджаць для краіны хлеб.

 

Дзе-небудзь, абраўшы па сэрцу кут,

Супынімся мы на жыццё.

Прарэжам каналы, і збудзецца цуд:

Дзе мёртвы быў край — вінаграднік і тут

Ускінуць пад сонца лісцё.

 

І як ні здавалася б цяжка калі —

Мы зрушым пяскоў цаліну,

І скарбы раскованай намі зямлі

Раскажуць, што мы для людзей здабылі

Новую Фергану.

 

Ці ж гэта не шчасце: з сэрца твайго

Вясна паўстае і цвіце...

...І вось прамінае яшчэ адзін год,

І ўжо ты дарункамі саду свайго

Частуеш дарожных гасцей.

 

Частуеш і ў шлях выпраўляеш. Куды?

Пра гэта ці варта пытаць?

Адны ў нас лятункі — вырошчваць сады,

Напевам звінець, будаваць гарады,

Дарогі жыццю пракладаць.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан