epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Што хаваеш ты ў сэрцы сваім?.."

Што хаваеш ты ў сэрцы сваім?

Ці кахання зарніцы, ці здрады зярно?

Ты не скажаш ні мне, ні другому.

 

Што ж, ідзём. Называй дарагім.

Можа, песня, што ласкі чакае даўно,

Аджыве і ад позняга грому.

 

Назаўсёды ўсяго забірай.

Толькі смутку майго не чапай, не трывож.

І калі прыгадаю часінай

 

Салаўямі разбуджаны гай,

Патаемныя сцежкі, успенены Сож

І маўклівыя вочы дзяўчыны —

 

На хвіліну мяне ты пакінь!

Успамінам адным, у паглядзе хаця

Дай паплакаць над тым, што мінула.

 

А тады — што ж... Заві дарагім.

Можа, песня, што зведала буры жыцця,

Будзе рада і позняму гулу...

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан