epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Што мінула цяжкое..."

«Што мінула цяжкое,—

няхай яно болей не вернецца!»

Любая мама,

бяру твае словы ў верш.

У добрае, мама,

заўсёды верыцца,

Таму і жывеш толькі,

што ў добрае верыш.

 

Якая гэта радасць, мама,

што ты да мяне прыехала.

Ад краю маленства.

Ад роднага дзіва-святла.

Лясоў і лугоў

успамінам-рэхам

Усю душу абдала.

 

Сядзь побач. Усміхніся.

Не хачу бачыць тваёй слязы.

Будзь заўсёды

маіх трывог абаронцай.

А раніцай —

будзі мяне, як калісьці:

— Вот вазьму матузы,

Дык адразу прачнешся,

убачыш,

што ўзышло сонца!..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан