epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сто песень... І нямнога быццам..."

Сто песень... І нямнога быццам...

А як няпроста іх здружыць...

І сто разоў наноў радзіцца.

І сто разоў наноў пражыць.

 

І сто разоў, а мо сто тысяч

Стаяць над роспаччу тугі.

І ўваскрасіць, і к сонцу высіць

Спамін, да веку дарагі.

 

І без канца знаходзіць словы,

Да ўсіх даходзячы прыкмет.

І чуць — дакорам і вымовай:

Ты — ўсім павінен, ты — паэт.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан