epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сто песень... Сто жывых паданняў..."

Сто песень... Сто жывых паданняў...

Сто дум... І сто адказаў ім...

І сто — са ста дарог — жаданняў,

І сто пытанняў перад тым.

 

Ці ўсё прызнаў з таго, што спела?

Ці ўсё збярог, што браў навек?

Чым жыў? Чым славіў тую смеласць,

Што не дае жыцця на здзек?

 

Якім святлом, якой турботай

Душу выводзіў з нематы?..

Сто песень... Як дайсці да сотай

З агнём ад першае вярсты?..


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан