epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Што стала з намі?.."

Што стала з намі?..

Спраўджана,

што снілі:

Як самацвет

са сталі і цаглін,

Устаў наш дом;

І цёпла гаманілі

Над ім вяршыні соснаў і ялін.

 

Што стала з намі?..

Звонкім наваселлем

Уславілі святло сваіх акон:

Пра сонца,

пра вясну з гасцямі пелі,

Пра вернасць —

пра святое шчасце дзён.

 

Што стала з намі?..

Йшчэ хаваюць сосны

Паміж галін

тых песень перабор...

А нам чамусь

дваім застацца млосна,

І хто куды

нясем самоту ў бор.

 

Што стала з намі?..

Ад пяшчот наўцёкі

Бяжым, бяжым —

усё далей, далей.

І бачыцца ў смузе наш дом высокі —

Нібыта нашай мары маўзалей.

 

Што ж стала з намі?..

Скуль прыйшоў ён, вырак,

Што сэрцы раздзяліў сцяной мяжы?

І покуль вырак той у смерць не вырас,

Як зразумець,—

хоць слова мне скажы,—

Што стала з намі?

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан