epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Што ты, брат, наставіў горда плечы..."

Што ты, брат, наставіў горда плечы,

Быццам з трона,

Кінуў «добры вечар»?

Позірк твой —

вастрэй алмазнай грані...

 

А мы ж

Былі сябрамі!

Успомні —

мы ж адною лыжкай елі,

Адно на двух

з табою шчасце мелі —

Траншэямі

Паўсвету ператрэслі...

Няўжо ты ўсё закрэсліў?

Няўжо на свеце

нешта ёсць мацнейшае

За дружбу,

Ў лютых бітвах не згарэўшую,

З якою мы

Над бурамі ўзняліся?!

Не веру, брат!

Ачніся!..

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан