epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Стой, вясна

Стой, вясна, не спяшайся з паводкай і выраем,

З цёплым ветрам, з дажджом,—

дай мне часу, вясна,

Развітацца з зімою размоваю шчыраю,

Я не ўсё парабіў, што чакала яна.

 

Стой, вясна, не ляці

з такой палкасцю спрытнаю! —

Так з адчаем хацеў закрычаць я вясне...

А яна абдала мяне хваляй блакітнаю,

Спевы жаўранка з высяў сыпнула ка мне.

 

Моцна ў сэрца пастукала з бору сасновага

Звонам сцежак,

дзе зноў ажыла дзераза...

І не здолеў сказаць я ёй слова суровага...

А вясне пакланіўся і гэтак сказаў:

 

— Ты даруй мне, вясна,

прад табою пакаюся,

Я дасюль непаседай, бадзяжнікам жыў,

І таму мне і часу, відаць, не хапае ўсё,

Што так многа па вольных прасторах кружыў.

 

Я не мог утрымацца ў пакойчыку,

чуючы

Шум жытоў, подых рэчкі ці голас завей.

Пад нягаснучым полагам неба начуючы,

Я рашаў, што пабачыць, дзе быць мне далей.

 

Але я абяцаю, вясна, жыць па рацыі:

Больш капцець у дрымотнай кватэрнай цішы,

Жыць разумна, аседла,

як тыя прыяцелі,

Што заўжды ганарацца спакоем душы.

 

Буду слухацца жонкі, прымаць яе клопаты,

Як святы элексір... замалю ўсе грахі...

Але ў гэту хвіліну

дзесь з крыкам і лопатам

Падняліся глушцы, і запахлі імхі,

 

І данесла аднекуль вясновую, свежую

Навальніцы размову з барознамі ніў...

І не помню,

як хлеба акрайчык адрэзаў я

І як дзверы ізноў за сабой зачыніў...

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан