epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Стол мой верны..."

Стол мой верны,

Пастаўлены чынна

пад праменні,

пры самым акне,

Стол мой верны,

Хоць маеш прычыну,

не бядуй,

не сярдуй на мяне.

Што ж, так стала:

Ад самай той раніцы,

калі ўнеслі цябе

ў мой пакой,

Ты адзін.

А мяне, браце, з ранцам

па ўсім свеце

насіў неспакой.

Пераходжана ўсцяж

І прамерана

на паўвека

дарожная даль.

Бачыў шчасце,

Сяброўства

І вернасць.

Але ведаў

і скруху, і жаль.

Чуў прызнанні,

І песні,

І згадкі.

Але бачыў

І боль, і тугу...

Стол мой верны,

Даруй мне, мой братка,

што застацца з табой

не магу.

Хоць і мае паэт

Па закону

сваё права

на дні цішыні,—

Не згаджаецца

Свет наш зялёны

адпусціць мяне

ў полк запасны.

Жыць паходам —

Адна ў мяне ўцеха.

Дык бывай жа,

вартуй свае сны.

Я ў дарунак

Прышлю табе рэха

з самай гулкай

маёй сцежыны.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан