epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Суніцы

Ёсць над Сажом прапахлыя жывіцай

Куткі — зацішкі ў сонечных барах:

Калі даспеюць сочныя суніцы —

Няма каму знайсці іх і сабраць.

І сум бруіцца ў ягадах самлелых,

Іх сок падобны водбліску зары.

Ім цяжка... І тады

сюды нясмела

Злятаюцца бадзяжныя вятры.

Яны спачатку хукаюць, няйначай,

Баяцца — быццам з нейкаю віной.

А потым п’юць духмяны і гарачы

Сунічны сок, бы хмельнае віно.

І ягады сціскаюцца ў нагрэтай

Цішы палян — маршчыняць лёгкі твар.

І доўга-доўга душны водар лета

Ідзе з бароў на палявы абшар.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан