epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сунецца з полымем восень..."

Сунецца з полымем восень,

Ніколі так лес не гарэў.

Крыкнеш — ляціць адгалоссе,

Аж сыплецца лісце з дрэў.

 

Сыплецца, ападае,

І я кажу ў цішыні;

— Якая ты маладая,

Зямля, ў асеннім агні!

 

Не, ты, мой свет шырокі,

Яшчэ не растраціў сіл.

Ступіш — і гулкія крокі

Коцяцца за небасхіл.

 

Коцяцца, не заціхаюць,

І я прысягаю ізноў:

— Якая ты дарагая,

Зямля маіх думак і сноў!

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан