epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Шура Папова

Чаго ты ўсё снішся мне, Шура Папова,

Чаго ты мне снішся?

Пра што ты ўсё просіш балючасцю вуснаў,

А слоў я не чую?

Пра што так крычаць твае сінія вочы,

Чаго ўсё чакаюць?

Чаго ты махаеш мне белай рукою,

Куды ўсё праводзіш?

 

Шура Папова стаяла на скрыжаванні

франтавых дарог, калі ў небе непадалёку

з'явіліся драпежныя чорныя «юнкерсы».

Дарогі былі пустынныя, адна яна,

рэгуліроўшчыца, з сінімі вачыма летуценніцы,

светлымі кудзеркамі гарэзніцы

з-пад пілоткі, стаяла на растанях.

Гэтай самай хвілінаю мы пад’ехалі да

скрыжавання на машыне. Шура

Папова весела ўзмахнула маленькімі

чырвонымі флажкамі і нам, і насустрач

самалётам, думаючы, што яны нашы...

І раптам зямля ўздыбілася перад ёю ад

выбухаў бомбаў... Адзін з чорных

«юнкерсаў» аддзяліўся ад зграі драпежнікаў

і з неадступнай жорсткасцю пачаў

заходзіць у піке, вывальваючы смертаносны

груз на сінія вочы, на светлыя кудзеркі,

на лятункі юнацкія, на мроі

няспраўджаных сноў...

 

І ўпала вясёлая Шура Папова

На жвір прыдарожны,

Прыняўшы цяжа*р, непасільную муку

На юнае сэрца,

Глядзелі ў здзіўленні сінюткія вочы

У сіняе неба

І не разумелі — навошта, завошта

Такая ёй кара?..

 

Я прабіўся праз выбухі бомбаў да

Шуры Паповай, вызваліў з-пад

жвіровага варонкавага завалу і ўзяў яе

на рукі. Яна была лёгкая, як

бы пярынка з крыла гуся-

лебедзя. Нібыта ў гарачцы, я бег з

гэтай светлай пярынкай на руках да

самай машыны, вочы яе яшчэ былі

як быццам жывыя і нібыта праменілі

сінь цёплую, і здавалася, што вусны

яе сонечна ўсміхнуліся мне, перамагаючы

балючую пакуту, якая выступіла

на смяртэльнай бледнасці шчок...

З грудзей дзяўчыны біў, пульсуючы,

струмень яшчэ цёплай крыві, і я

мацней прыціскаў яе да сябе, да

свайго сэрца, каб спыніць гэты

струмень, і з радасцю адчуваў, што

ён памалу сціхае, і спадзяваўся, што

данясу Шуру Папову да машыны, а тады

мы даедзем да медсанбата, і там

выратуюць яе жыццё, і сінія вочы зноў

засвецяцца ўсяму свету, каб

кожны з людзей, хто спаткаецца з ёю,

верыў у сваю вялікую надзею...

 

Але я не ведаў, што нёс я ля сэрца

Ужо нежывую,

Не тую, гарэзную, Шуру Папову,

Што ззяла праменнем,

А толькі ўспамінак — прыгожы і чысты,

Як звонкае рэха;

Лятунак — якога і смерці адзнака

Змагчы не здалела...

Не ведаў, што там яшчэ, дзе яна ўпала

На жвір прыдарожны,—

Што там яшчэ сціхла крынічліва біцца

Дзявочае сэрца,

А вочы, што ўсмешку заўсёды дарылі,

Так і засталіся,

Яна не жыла на зямлі без усмешкі

І з ёй і памерла...

 

Над рэчкай, непадалёк ад таго

скрыжавання,— мы выкапалі для Шуры

Паповай на светлым узвышшы магілку.

Каб магла яна бачыць усё наваколле,

каб магла і бачыць і чуць поступ

нашых дывізій і армій,— як пайшлі

мы ў вялікі паход наступлення — тут,

на гэтых дарогах, дзе ўпала яна пад

навалаю жорсткай... І лёгкай зямелькай

яе мы магілку прыкрылі, каб сінім

гарэзным вачам і вуснам з усмешкай не

было аніколі ні горна, ні цяжка, і

мужным салдацкім маўчаннем развітваўся

кожны з яе гераічнай красою...

 

Что ж ты ўсё снішся мне, Шура Папова?

Чаго ты мне снішся?

Пра што так крычаць твае сінія вочы?

Чаго ўсё чакаюць?

Пытаю... Аж сорак гадоў так пытаю...

Хоць знаю напэўна,

Чаго ты махаеш мне белай рукою,

Куды ўсё праводзіш...

Праводзіш мяне ты на сцежкі людскія,

У свет чалавечы,

Крычыш, каб я помніў пра сіняе неба,

Ахоўваў ад катаў,

Гукаеш заўсёды ў красу веснавую,

У сонца, ў праменні,

Чакаеш, каб здзейснілі мы летуценні

Гадоў маладосці.

І з верай, што ўсё ты і чуеш і бачыш,—

Усюды, заўсёды —

Іду я вяшчальнікам дум тваіх светлых,

Сяўцом тваіх мараў,

Вясёлы, гарэзны твой позірк са мною

На кожнай дарозе,

Дзе песні, дзе крочыць у бурным паходзе

Юнацкае шчасце.

Я веру — сваімі флажкамі ты, Шура Папова,

Усіх бы вітала,

Я веру — наш край табе, Шура Папова,

У радасці сніцца,

Я веру — была б ты найлепшай між намі

Усюды, заўсёды,

Паклон жа і памяць табе аж навекі,

Салдат Перамогі

Шура Папова!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан