epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Свята ўз’яднання

На рубяжах, на дарогах,

На пожнях, на нівах родных

Нас падняла трывога

І паставіла ў строй паходны.

 

Там, дзе пілсудчык гадамі

Свае будаваў кардоны,

Мы праняслі з баямі

Сцяг вызвалення чырвоны.

 

Зямля Беларусі з усходу

Да сіняга Буга — па праву

Воляй і славай парода

Ўз’яднана ў адну дзяржаву.

 

Дзе злыбяда векавая

Не сыходзіла з вузкай палоскі,—

Сёння багаццем па краю

Калгасныя славяцца вёскі.

 

Ля Нёмана, каля Шчары,

У нарачанскай старонцы,

Збыліся адвечныя мары,

Мары пра вольнае сонца.

 

На рубяжах, на дарогах,

На пожпях, на нівах родных

Пранеслі мы сцяг перамогі

Строем святочным, паходным!

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан