epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Свістуны

Яна ў замежны ўбор прыбрана,

І ён піжоністы звыш мер.

Ідуць, крыўляюцца:

— Ах, Жанна...

— Ах, вер мне, Жанна...

— Ах, мой П’ер...

Глядзіць, здзіўляецца прахожы:

«З якой такой зямлі яны?

З Парыжа? Ці з Бруселя, можа?»

А гэта —

проста свістуны.

 

І пашпарт мінскі ў іх, і родам

Яны з тутэйшай стараны,

Ды толькі

цераз пень-калоду

Жыць навучыліся яны.

Жывуць без працы, як турысты,

Залезшы ў бацькаву кішэнь,

І па праспекце з танга-свістам

Бадзяюцца і ўноч і ўдзень.

 

А вунь яшчэ праходзяць двое.

На твары ў кожнага рубец.

Хто-небудзь думае: героі...

На фронце быў, відаць... Баец...

А то — след справы не геройскай,

След рэстараннае вайны.

Яны — з нявоінскага войска,

Яны — ўсё тыя ж свістуны.

 

Ім невядом ні слаўны ўчынак,

Ні дружба радасная душ.

Глядзі: абразілі дзяўчыну...

І зноў, зламаўшы капялюш,

Ляціць далей такі «ваяка»

Па-хуліганску бэсціць люд,

Ён знае: будзе маці плакаць,

Каб зноў яму прабачыў суд...

 

Шум у пакоі інтэрната,

Здалёку спеў і смех чутны.

Што тут сягоння? Радасць? Свята?

Не! То «гуляюць» свістуны.

Іх просяць: дайце вы спакою —

Экзамены ж, адказны час!

А ў іх гарэлка пад рукою,

«Шумел камыш!» — вось іх адказ.

 

Забыты кнігі і канспекты.

Што ім трывога іх сяброў?

У іх свае ў жыцці праекты:

«Налі яшчэ ды будзь здароў!»

Сумленнасць утапіўшы ў піве,

Жывуць яшчэ між нас яны,

У нашым шчырым калектыве,—

Пустыя хціўцы-свістуны.

 

Гляджу на іх, і не стрымацца,—

Хачу будзіць усіх наўкол:

Ці не пара за справу ўзяцца

Табе, наш мужны камсамол?!

Ці не табе з юнацкай сілай

Пачаць бязлітасны паход

Супроць бяздушнасці прагнілай,

Што ў быт наш точыцца, як крот;

Супроць бадзяг у чыстых строях,

Дыпломных лодыраў-бадзяг;

Супроць труслівых тых герояў,

Што ходзяць з фінкамі ў руках.

 

Хай знаюць: спуску ім не будзе

Нідзе! —

хай знаюць свістуны!

Як смецце, выметуць іх людзі

З жыцця савецкай стараны!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан