epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Світанне

Пачалося світанне над ціхай калыскай

Першым словам маёй русакудрай дачкі.

І раптоўна дзяўчынцы здалёку і зблізку

Адказалі ўсе краю куткі.

 

Між калін за ракой закувала зязюля;

Пэўна, голас трывожны дзяўчынкі маёй

Гэтай птушцы згадаў: і яна ж матуля,

Хоць і кінула дзесь птушанятка сваё.

 

— Ку-ку, ку-ку, дзіцятка!.. —

зязюля кувала.

І дзяўчынка мая пачула яе,

І ўсміхнулася маці, што яе калыхала,

Што па клічу дачушкі да сонца ўстае.

 

Усміхнулася маці, а клікнула: — Тата-а...

І за рэчкаю дзесь у лазовым кусце,

Нібы ўдарыў крыламі па струнах напятых,

Над гняздом загукаў карасцель.

 

Вось азваўся жаўрук сярод чыстага поля,

Вось пачуўся на выгане кліч пастуха,

Перапёлкі крычалі, каб ніву палолі,

А качар біў крыламі ў густых лапухах.

 

І ўсе гукі, што ў хаце ўзялі свой пачатак,

У адну веснавую злучыліся ніць

І ляцелі над доламі лётам крылатым.

Слухай, сэрца: то песня світання звініць!

 

А на ўсходзе свяцілася неба і ззяла,

У рацэ калыхалася бляскам жывым,

Сярод красак у росах мядзвяных палала,

Разлівалася чырванню ў моры травы.

 

І дзяўчынка мая, счараваная ззяннем

І гамонкай зямлі, што тварыла свой сказ,

Паднялася на ножкі...

Вось гэтак світанне

Пачалося аднойчы вясною для нас.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан