epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сын

Правяла яго матуля

Да вакзала.

— Што ж, сынок, глядзі... —

Ўсяго толькі сказала.

 

— Ты ж глядзі!.. —

А што — і выказаць не ўмела.

Але сыну

Ўсё дарэшты зразумела.

 

Тое, што яна

Збыла-прагаравала,

Што прадумала,

Пра што ў жыцці гадала,

 

Чым свяцілася ёй

Кожная хвіліна,—

Хто ўсё гэта знае

Лепей сына?

 

— Добра, мама! Добра!,

Не журыся... —

Ціха праказаў,

А словы з сэрца высек.

 

Ведаў ён,

Пра што матуля марыць,

Чым яе парадаваць

Пад старасць.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан