epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сышлі за дол сцямнелы хмары..."

Сышлі за дол сцямнелы хмары,

І па-над намі, нібы сцяг,

На ўсе падзорныя абшары

Закалыхаўся Млечны Шлях.

 

Глядзі, глядзі — вунь зноў над краем

Хтось высек іскры з сініх зор.

Ляцяць яны —

і не згараюць —

На медуніцы, на чабор.

 

Глядзі — мігцяць у росах цёплых

І на губах тваіх мігцяць...

Як незабудкай пахне поплаў,

Як гулка травы шалясцяць!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан