epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Так, гэта праўда, што таіцца..."

Так, гэта праўда, што таіцца —

Даруй мне, любая, мой грэх:

Грыміць у жылах навальніца,

І смуткам б'е мяне твой смех.

 

І не магу я так, як колісь,

Ісці ў бяздумную тугу.

Такім, як быў, ужо ніколі

К табе вярнуцца не змагу.

 

Ты не сярдуй. Бо як іначай?

І дуб часамі бура гне.

Вунь глянь — пад громам камень плача.

А што ж ты хочаш ад мяне?..


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан