epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Так цёпла ў хаце..."

Так цёпла ў хаце.

Цішыня.

Ноч.

Недзе бура за акном нястрашна вые.

Спакойна дыхай...

А душа...

Чаму трывожыцца? Чаму з усёй зямлі

Адно, адно ёй чутна:

«Ой, не спите, часовые,

Как бы нас не обошли!..»

 

Вартавыя...

«Вартавыя, вартавыя, ой, не спіце!»

Крычыць душа...

Каму крычыць?

Якіх ёй трэба вартавых

У час

Такіх грунтоўных,

Разнамоўных

Канферэнцый на арбіце?

«Нашто?

Адкуль? —

Скажы, адкуль

Твая трывога за жыццё жывых?»

 

Адзін пстрычок —

і вось табе ўсё вабнае з экрана:

Усмешкі, рэпартажы і прыгожы парашут...

А заўтра...

— А ўжо заўтра! —

Днём і ўноч з экрана ўсхвалявана:

Жыві і не сумуй!

І аздабляй свой ціхі кут!..

 

Ну, так... Ну, так... Смяюся... Сам з сябе пакплю

з журбою:

«Эх, ветэран... пара, пара даўмецца —

новы век, разгон касмічных мар...»

Ды раптам — з гулкім рэхам

узрывае цішу браняпоезд,

І чуцен голас —

падае каманду камісар...

І зноў душа

заве на бой, на штурмы агнявыя...

Крычыць, крычыць...

Хоць колькі раз «суціхні!» я прашу.

...Прашу...

А сам...

Сам чую тое ж:

«Ой, не спите, часовые!»

І ліст трывожны

сыну ў армію пішу...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан