epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Талісман

Дала мне маці на вайну

Чароўны талісман.

Каб ён бярог мяне ў баях

Ад смерці і ад ран...

 

Каціў па краю грозны вал,

Без бою — ані дня.

Забыла родная зямля,

Што серп ёсць і сяўня.

 

Забылі людзі, што ў жыцці

Ёсць смех і ясны дзень...

І нёс свой смутак праз баі

І я паміж людзей...

 

Але заўжды ў агні атак,

Дзе смерць, дзе куляў град,

Мяне бярог мой талісман:

— Спяшай дамоў, салдат!..

 

І вось замоўк ваенны гром,

І я прыйшоў дамоў.

А маці роднае свае

На свеце не знайшоў.

 

І кінуў я той талісман,

Нашто мне талісман! —

Няхай бы я загінуў лепш

Ад смутку і ад ран.

 

Няхай бы мне ўвесь сум людскі

На ўсе, на ўсе гады.

А толькі матухне сваёй

Мог кланяцца заўжды!..

 

Але згадаў я матчын сказ

Пра горнага арла,

Якому сэрца, зрок і слых

Арліца аддала.

 

Каб ён ляцеў імкліва ў высь

І ворагаў збіваў,

А пасля бітваў з-пад крыві

Зноў дужым уставаў,—

 

І мне здалося, што і мне

Так маці аддала

Сваю ўсю сілу, каб яна

Ў жыццё мяне вяла

 

І высіла, нібы арла,

Што з паднябесных стром

Гатоў заўсёды ў новы бой

За сонца над гняздом...

 

І я падняў, як лепшы скарб,

З паклонам талісман,

Што на вайне бярог мяне

Ад смерці і ад ран.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан