epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Танк на магіле

Хавалі танкіста без музыкі. Вораг

Яшчэ не здаваўся. Музыкам — не час!

І толькі задымленых танкаў маторы

Суровы складалі аб воіне сказ.

 

Курган, як абрусам, пялёсткі акрылі,

Аддаў камандзір развітальны загад,

І з громам падняўся і стаў на магіле

З глыбокімі ранамі танк, як салдат.

 

— Няхай ён і помнікам будзе і вартай!..

Агні кананады нас клікалі ў бой.

Мы шлемы надзелі,

Адвагу і ўпартасць

таварыша паўшага

Бралі з сабой.

 

Ён ціха згаджаўся — яму не пад сілу...

Але толькі ў шлях падняліся мы зноў —

Здалося, што танк наш сарваўся з магілы

І рушыў услед, каб дагнаць дружбакоў.

 

З-пад гусеніц пырснула жоўтая гліна,

І першы навёў ён гармату на цэль.

І, ўчуўшы, як войкнула брама Берліна,

Сціха гайдануўся, нібы карабель.

 

Ніколі ніхто з нас не верыў у дзівы.

А ў тую хвіліну ў шалёным агні

Мы нават пачулі, як б’ецца шчасліва

Салдацкае сэрца ў нязломнай брані...

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан