epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Тост

Няўжо гэта праўда —

на песню ўжо й часу няма?

Якой жа ты будзеш,

мая дарагая зіма?

Няўжо за бяседу

не сядзем за дружным сталом?

Няўжо наша хата

не загамоніць вуллём?

Не, ў гэта не верыў

ніхто і ніколі між нас!

Заўсёды для песні

былі і ахвота, і час.

Заўсёды, заўсёды

дружыў з намі радасны смех,

І добрая чарка

на крузе была не за грэх.

Няхай жа і зараз

ад ног не сціхае памост,

Хай гоман вірыцца

і з тостам страчаецца тост.

Няма ў нас прычыны

тужыць і ўздыханні часціць,

Усё, што журыла,

на лес на сухі хай ляціць.

Няхай будзе праца,

няхай будзе клопатаў сто,

Але хай і песня

усіх заклікае за стол.

З імпэтам, з настроем

хай песня сяброўства ўстае,

Шчаслівай ахвоты

бяседу дзяліць паддае.

І хай будзе з намі

прыгожая мара заўжды —

Што ў думах, што ў сэрцах

не згасне агонь малады!

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан