epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Травінка і краска

Травінка і краска,

Спеў-гоман лясны.

Праменная казка

Дзіцячай вясны.

 

Няўжо гэта вы мне

Ад роднай зямлі

Любоў да Радзімы

Навечна далі?

 

Няўжо гэта вам я

З дзіцячых тых дзён

Душою адданы

Ў салодкі палон?

 

Травінка і краска

Цвітуць і маўчаць.

А ўцеха іх, ласка

Трымцяць на вачах.

 

Слязінкамі свецяць,

Нібы прамяні,

Пра самыя

ў свеце

Чароўныя дні.

 

І гэта — што ў гімне —

На ўвесь, мусіць, час

Для ўсіх неадымны

Ад сэрца

адказ...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан