epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Труба

Не тугу апяваць,

Не маркоту,

Не смутак-жальбу —

Мне ўручыла Радзіма

У вялікім паходзе

Трубу.

 

Не маўчаць,

Не чакаць,

Не глядзець, пакуль скончыцца бой,

А на славу гукаць

І на подзвіг

Пявучай трубой...

 

Я часамі спыняўся,

Я часамі трымаўся ледзь-ледзь,—

Прад таварышам паўшым,

Ледзянеючы,

Плакала медзь.

 

Перад смуткам бясконцым

Часам

Ціха змаўкала труба,

І на сэрца, як попел,

Ападала маркота-жальба...

 

Але так,

Як пад попелам

Не стухае на вогнішчы жар,—

Так Іў сэрцы гучаў,

Не змаўкаючы, голас ахвяр.

 

І нязгасным агнём

Загаралася зноў барацьба,

І, ажыўшы,

Герояў

Зноў гукала па подзвіг труба!..

 

І сягоння яна

Не прыстала ў паходзе трубіць,

І сягоння яна

Ненавідзець заве

І любіць,—

Ненавідзець ліхое,

Каб светач жыцця

Не пагас,

І любіць дарагое —

Назаўжды

І адзін толькі раз!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан