epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Тры залпы

Я б хацеў,

Каб над ціхай маёю магілай

Прагрымелі тры залпы,

Тры, не болей.

Першы залп — хай засведчыць,

Што быў я з зямелькаю мілай

І ў лятунку,

І ў шчасці,

І ў болю.

 

Хай другі залп згадае

Пакутную казку,

Што жыла ва мне верай —

Пра адданасць у свеце.

А што верна і шчыра

Пранёс да людзей сваю ласку —

Хай адзначыць

Залп трэці.

 

Тры ўрачыстыя залпы —

Як тры мае мары,

Што вялі праз жыццё

І давалі сілы і крылы:

Адна —

гэта бачыць лю**быя краю абшары,

А другая —

мець добрага друга,

А трэцяя —

чуць

родны голас

каля магілы.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан