epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Трымціць на ўзмежку верасовым..."

Трымціць на ўзмежку верасовым

Трывожным зумерам пчала.

Стой! Ці не роздум-кліч дубровы

Яна вызвоньваць пачала?

 

Ці не праз гэты ціхі, шчыры

Напеў мядовае струны

Нясе зямля з бясконцай шыры

Наказ бацькоўскай стараны?

 

Наказ жыцця: быць вечна з плёнам,

Заўжды імкнуцца ў свой палёт.

І на зыходзе, перад сконам,

Усё ж збіраць у соты мёд.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан