epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Трыпутнік (Паэма)

Аднойчы стала гэтак скрушна —

Хоць закрычы ці ўдарся ніц,

Адзін, адзін, як дуб над крушняй

Пад грозным бліскам бліскавіц.

Адзін, як той забыты колас

На ўзмежку голага жніўя.

Ці як самотны кані голас...

Сябе адчуў аднойчы я.

 

Не, не па востраве скалістым,

Дзе анічый не клаўся след;

Не на планеце дзесь імглістай,

Што спарадзіў міжзорны свет;

Тут, на зямлі любімай, ойчай,

Дзе людзі,

сонца,

родны дым,

Тут я адчуў сябе аднойчы

Адным, закінутым, адным...

 

Праменні ранку білі ў рамы;

Піла духмянасць рос трава;

Пра неба, сонца і пра маму

Спявала ў скверыках дзятва;

Грымеў ад крокаў шлях шырокі;

Збіралі пчолы мёд з сяліб;

І саматужныя прарокі

Крычалі казані ўзахліп;

 

Усё, усё, бы ў мройным гудзе,

Імчала ўсцяж, расло, жыло;

Куды ні глянь,

спяшалі людзі

Пад зноў паўстаўшае святло;

Ішлі, няслі —

хто менш, хто болей

Свой дар

у скарб хвілін, гадзін...

 

Я ж адчуваў з пякотным болем,

Што я адзін, адзін, адзін...

О, верце, верце, людзі, гэта...

О, верце, гэта горш труны!..—

Глядзець у ласку, ў радасць лета,

А чуць стуль холад ледзяны;

Грай звонкі, спевы птушак слухаць,

І гоман дрэў, і плёскат хваль —

А чуць адно ў іх — толькі скруху

І да сябе бясконцы жаль;

 

Быць у няспыннай, роднай, цёплай,

У плыні велічнай, жывой,

А не адчуць, што ты ў ёй — кропля,

Што ты заўжды патрэбны ёй;

Ўсім сэрцам знаць, як сэрцы множаць

Людское шчасце на зямлі,

А чуць, а чуць,

што ты не можаш

Душу ў тым шчасці прытуліць;

 

А чуць, што ты —

адзін, як вецер,

Хоць вый, хоць плач, хоць галасі;

Нічым, нічым, нічым на свеце

Свой сум, свой боль не загасіць;

Усё так цёмна ў дні ўчарашнім,

А ў заўтрашнім — яшчэ цямней...

О, верце, людзі, гэта страшна!

За ўсё на свеце найстрашней!..

 

 

*

Без мар, без мэт, без спадзяванняў,

Без суцяшэння і надзей;

Нібы якісь чужы выгнаннік

Сярод чужых яму людзей;

Спыніўся я на плошчы люднай,

Схіліў на грудзі галаву;

І думаў —

горна і няўклюдна:

Куды ісці, нашто жыву?

 

Каму патрэбны жаль і боль мой?

І сам я тут нашто такі?

Вунь колькі іх — шчаслівых, вольных

Навошта роздум ім цяжкі?

Вунь колькі іх — вясёлых, светлых,

Навошта ім чыясь туга?

Якісьці крык душы бязмэтны,

Якаясь думак мітульга?

 

Яны жывуць — працуюць, мараць

З імклівым векам у нагу,

Святкуюць, твораць, уладараць...

А я... Што ім сказаць магу?..

Прызнацца —

што стаю ў бяскрыллі?..

Што да зямлі жалкота гне?..—

Так думаў я...

І ў гэтую хвілю

Спыніўся хлопчык ля мяне.

 

Зусім яшчэ піскля малое,

Далёкі ад жальбы ці мар,

Ён моўчкі стаў перада мною

І пільна мне глядзеў у твар;

Тады

з пяшчотаю відочнай,

З такімі добрымі вачмі,

Мне працягнуў руку з лісточкам

І праказаў:

— Вось на... Вазьмі...

 

Сказаў — і знік з гурмой дзіцячай...

А я зірнуў на той лісток —

І што са мной!..—

Як гром, няйначай,

Працяў душу трывогі ток;

Усё, што нёс у сэрцы здаўна

Ды што маўчала дзесь на дне —

Ураз ажывіў лісточак траўны,

Што друг малы пакінуў мне.

 

Лісточак той...

То быў трыпутнік...

Жыхар вясковых каляін.

І сябар верны

і пакутнік

Шляхоў шматлюдных і сцяжын.

Заўжды ён змяты і стаптаны...

Але і скрыўджаны,—

заўжды

Гатоў гаіць чужыя раны,

Сцішаць агонь чужой бяды.

 

О колькі — ўспомніў я — калісьці

Яго прыносіў я з дарог!..

Нібы з лядком — тугое лісце...

Дзе тыя гоні, той разлог?..

Калі там быў?..

Што там сягоння?..

Я ўспомніў...

І ні хвілі, не! —

Не мог чакаць больш,—

бы з прадоння

Штось раптам клікнула мяне.

 

І проста з люднай плошчы,

проста,

Як быў, я кінуўся туды,

Дзе засталася тая ростань,

Якой не згадваў праз гады;

Ішоў і бег з глухой трывогай,

Пакуль не ўстаў перада мной

Куток зямлі —

няма другога —

Адзін

на далі ўсёй зямной...

 

 

*

Пяшчотны, роўны плыняў блёскат...

Ракіты ў хвалях басанож...

У баравой задуме вёска...

Рака з таемнай назвай —

Сож...

Маленства любы час няблізкі...

Юнацтва звонкая пара...

Куток зямлі...

І крок з калыскі...

І шлях з бацькоўскага двара...

 

Тут, над Сажом, ракою мілай,

Ёсць спад гары — шумяць кражы.

Паміж кражоў — капцы-магілы,

Над імі — помнікі-крыжы.

Сярод магіл тых

над адною —

Было —

я нік пад плачам лер...

На наспе той не быў даўно я...

І да яе прыбег цяпер...

 

Канчаўся дзень... Праменні ў соснах

Раняла захаду сяўня.

Пад махамі зялёных вёслаў

Плыла над долам цішыня.

Спакой магіл блукаў наўкола —

Як вечны сум пра вечны міг...

І толькі чэпікавы голас

Чуваўся з даляў лугавых...

 

Душой апалы ў цішы гэтай,

Я прыхінуўся да крыжа.

Адзін, адзін прад цэлым светам,

Як жвірунок на дне Сажа.

Якоюсь крыўдай сэрца біла.

Але якой? Якой такой?

Калі б спыталася магіла —

Не адказаў бы я —

якой.

 

Не адказаў бы — што са мною,

Чаму ў душы цяжар, чаму?..

Якога прагну супакою

Пачуццю горнаму свайму...

Якога сам прашу адказу,

Чаму за ім прыбег сюды...

Па сцежках сённяшняга часу

Шукаю даўнія гады...

 

І раптам я пачуў у цішы,

Як звонка зумкае пчала.

І ўбачыў: па-над крыжнай вышай

Каліна бела расцвіла.

І раптам — клічам з тых дасвеццяў,

Што ўспомніш, хоць і век міне,

Пачуўся мне найродны ў свеце,

З калыскі любы голас мне.

 

Нібы з самой каліны белай

Вызвоньвала яго лісцё:

— Ці ж я калісь табе не пела

Пяшчотных песняў пра жыццё?

Ці ж я цябе не навучала,

Як перад светлым — светлым быць

Ці ж я табе не наказала,

Як светлым — светлае любіць?

 

Ці ж я не песцілася ў ласцы,

На першы гледзячы твой след?

Ці ж я не плакала ад шчасця,

Калі цябе пускала ў свет?

Ці ж я не марыла ўсім сэрцам

Пра шлях твой — сонцам залаты?

Ці ж я не верыла й да смерці,

Што ў свеце самы добры ты?!.

 

Сціх голас... Сум, аж зубы счэпіш,

Сум без мяжы, без берагоў

Зноў гойдаў цішу... Толькі чэпік

Чуваўся недзе між лугоў...

Сум, плывучы нацята, струнка,

Запоўніў сэрца да краёў...

І толькі грэла ўцешна думка,

Што ўсё тут —

роднае тваё.

 

Каліна ў цвеце. Агароджа.

Сцяжынка. Лавачка-пянёк.

Пад крыжам — ласкава і гожа —

Густы шыпшынавы цянёк.

Усё, што некалі любіла

ЯНА,—

расло, квітнела тут:

Прыйшла нат мята да магілы —

Аздобіць ЁЙ апошні кут...

 

І раптам, бы ў святле грамовым,

Душа здрыгнулася мая

Ад думкі вогненна суровай:

Што гэта ўсё —

зрабіў не я...

Не я садзіў каліну гэту...

Ёй вырасці не я спрыяў...

Не я на радуніцах светлых

Абрус тут слаў... Не я... Не я...

 

Не я шыпшыны куст духмяны

Прынёс з залужнага грудка...

І не мая вясной старанна

Тут кветкі сеяла рука...

І нават мой трыпутнік мілы,

Што так між кветкамі ўзбуяў...

Адкуль прыйшоў ён да магілы?..

Не я то ведаю... не я...

 

Не я... А хто ж ён?.. Хто той хтосьці,

Што столькі ў сэрцы меў дабра?..

І ўспомніў я, што ў блізкай вёсцы

Калісь жыла мая сястра...

Калісь... Жыла...

Якім дакорам

З’явіўся гэты мне ўспамін!..

Мне, што сюды прыбіўся з горам,

З бядой, што я — адзін, адзін!..

 

Сястра...

Здалося: аж паўвека

Прайшло, як бачыліся мы...

Блукаў па свеце... морах... рэках...

Сюды ж... прыслаў два-тры пісьмы...

Дзве-тры староначкі паперы...

Дый то... Было гэта — калі?..

Што сёння з ёй?

Ці хто б паверыў,

Што быць так можа на зямлі...

 

...Калі спяшаў

яшчэ да ночы

Дайсці да вёскі —

як хацеў,

Каб сном, які не сніцца двойчы,

Пяклівы сорам адляцеў!..

Не варушыў тугу старую!..

Хоць і жыла ў душы іскра:

Яна даруе, ўсё даруе,

Яна ж сястра, мая сястра...

 

 

*

Яна адставіла дайніцу

З шумлівым, пенным малаком.

Чарнушцы кінула травіцы.

Абцерла рукі фартухом.

Каля Чарнушкі пастаяла

(Як колісь маці акурат!),

Тады ступіла і сказала:

— Які ж ты стомлены, мой брат!..

 

Сказала з годнасцю і проста,

Без ані ценю на дакор,

Без лішніх жаласцяў і лёстак,

Як бы пакінуў гэты двор

Сягоння толькі я

і з працы

Цяпер вярнуўся да двара...

І чым, маўляў, тут ёсць здзіўляцца?

Вярнуўся ж брат, яна ж — сястра!..

 

Тады нязграбна, па-хлапечы,

Бы ўпершыню так на вяку,

Я прыхінуў яе за плечы,

Я цалаваў яе руку.

Руку, што цёплым пахла вымем,

Травой і парай малака.

І чуў, як жылкамі сваімі

Мне шле адказ яе рука...

 

Тады яна, сказаўшы «зараз...»,

Знімала з колічкаў збанкі;

І біліся на дно іх з парай

З дайніцы звонка ручайкі;

І я сядзеў, і слухаў, слухаў...

Яна ж казала: «Брат ты, брат...

Я ж бачу: жыў ты нейкай скрухай...

Што ж не вярнуўся ты назад?..»

 

Тады, збанкі занёсшы ў стопку,

Пра ўсё — ад першага дзянька —

Мне расказала нетаропка...

Як пахавала мужыка...

Як двух сыноў адна расціла...

Было — хварэлі ўсё яны...

Але, даў бог, набралі сілы

І выйшлі ўдалыя сыны...

 

— Цяпер ужо вось год, як служаць,

Абое, пішуць, ля ракет.

Далёка недзе. Ды не тужаць.

Пабачым, пішуць, мама, свет.

А там — дамоў...

І я чакаю...

Ну што той год адзін... Як дзень...

Даждуся... А бяда якая —

Дык свет жа наш не без людзей...

 

Яна ў гладышык паліваны

Мне падлівала малака.

Блінцоў падкладвала духмяных

На белы кужаль ручніка.

І пра суседзяў, і пра вёску —

Які тут зараз добры лад! —

Вяла свой сказ.

— І ты б па-свойску

Зажыў бы тут, як людзі, брат!..

 

Тады яна пасцель мне слала —

З аерам водарны сяннік...

Пасцель мне слала, прамаўляла —

Хоць свет, вядома, і вялік,

Ды хіба ж ёсць дзе лепш на свеце,

Чым тут, дзе маці жыць дала...

— Пабудзеш вось у родным леце,

Забудзеш скруху, што была...

 

«Спі, брат...» Сказала і пайшла...

 

 

*

Яна пайшла, а я да ранку

Не мог не тое што заснуць —

На нечаканым тым прыстанку

Не мог я нават воч самкнуць.

Нібы на споведзі, палала

Душа — тушы ці не тушы...

І я адчуў, чаму нямала

Насіў я скруху на душы...

 

Тут, на прыстанку мімалётным,

Я зразумеў яе выток —

Я не самотны, не гаротны,

А адарваны, як лісток.

Я адарваны, ў далях гнаны,

Усім аддадзены вятрам.

Ды я не бурай адарваны,

А адарваў сябе я сам.

 

Сам,

сам сябе, самаўлюбёны,

Ва ўладзе самапазбыцця,

Я адарваў — яшчэ зялёным —

Ад дрэва любага — жыцця.

Жыў летуценнем, жыў самотай,

Сам для сябе згрызотай жыў.

«А для людзей зрабіў ці ўсё ты?

Што ты зрабіў для іх, скажы?»

 

Вунь колькі іх, што твораць разам,

Ці быў ты з імі, крок у крок?

Ці не чакаў ты недзе часам,

Каб за цябе хтось даў зарок?

Ці не чакаў, што нехта ўстане

На бой суровы, бой святы

Там, дзе без роздуму й чакання

Павінен быў падняцца ты?

 

Ці быў ты з тымі — не як сведка,—

З кім дом наш браўся ў вышыню?

Ці клаў ты разам з імі кветкі

Хоць раз да Вечнага агню?

Ці кінуў з імі хоць бы жменю

Зямлі на Славы Курганы?

Ці вывяраў душы імкненні —

Каб Веку ў рост былі яны?

 

Успомні —

з крыўдамі сваімі,

З рыданнем слёзным над сабой,—

Ці не праходзіў часта міма

Тых, хто насіў сапраўдны боль?

Успомні —

з прагнасцю да ясных

Дзён прамяністых для сябе,—

Ці згадваў тых,

хто быў няшчасны

У непрыдуманай журбе?..

 

Успомні — ці знайшоў жывое

Ты ў сэрцы слова для спагад

Тым, хто пакутліва з табою

Дзяліў бальнічны сум палат?

Успомні вочы, што прасілі

Цябе

ў іх веру падтрымаць,—

Ці даў ты позірку іх сілы

Глядзець у заўтра недарма?..

 

І нават маці кут апошні

Наведаў ты — калі, калі?..

І нават дум сястры трывожных

Не чуў —

як бы і не былі

З’яднаны роднасцю нязрушнай

Калыскі матчынай, радзін...

 

Што ж ты хадзіў са скаргай — скрушна.

Што ж ты крычаў, што ты — адзін...

 

 

*

Яшчэ нясмела ў аканіцы

Намацваў шчылінку прамень —

Пачуў я: звоніць у дайніцу

З трымценнем лёскатным струмень,

Звон нібы клікаў, біў бадзёра,

Як бы казаў: — Пара, пара...

Я выйшаў ціха на падворак.

Стаў ля сястры.

— Бывай, сястра...

 

Яна —

як быццам сцюжны вецер

Ударыў, збіў святло з вачэй —

Сцямнела...

— Зноў блукаць па свеце

Не хочаш, каб пажыць лягчэй...

Не хочаш, не...— Яна маркотна

Падумала...— Ну што ж, тады...

Тады ідзі... Цяпер кут родны

Забудзеш, мусіць, назаўжды...

 

— Не,— адказаў я ёй,— павер мне,

Я не кідаю родны кут.

Куды плынь лёсу ні паверне —

Я буду тут, з табою тут.

Я буду тут, пад родным небам,

Ля родных ніў, ля родных хат...

Але мне трэба, вер, мне трэба,

Мне трэба ўсё прайсці назад...

 

Так, трэба многае нанова

Зрабіць... І скончыць, і пачаць...

Мой любы свет... Хоць ён суровы,

Ды — мой!.. Яго на мне пячаць...

Яго вялікі подых бурны

Не раз мяне ўзнімаў у лёт...

Паслухай, чуеш яго сурмы?

Ён не спыняе свой паход!

 

Ён кліча ўсіх, мы ўсе — салдаты,

У кожны міг, парой любой...

Прад ім заўсёды вінаваты

Я, мусіць, больш, як прад табой.

І ці ж была б, скажы, ты рада,

Каб я не з ім быў хвілю хоць?..

 

Сястра сказала: — Брат... то праўда

Ідзі ж, мой брат... але прыходзь...

...Там, дзе дубок па-над сцяжынай

Лагодна шэпча штось вярбе,

Я выкапаў з зямлёй айчыннай

Трыпутнік з коранем сабе.

Цяпер — з душой сваёй адталай —

Я знаў, куды мне перш ісці...

Найперш — то трэба, што б ні стала,

Таго мые хлопчыка знайсці.

 

Таго, што свой лісточак даў мне...

— Мой братка! — Я яму скажу.—

Хадзем са мной!.. Па звычцы даўняй

Трыпутнік з братам пасаджу.

Хай ён расце, наш кусцік братні,

Хай разрастаецца для ўсіх...

Каб шчасным стаў, хто чуўся стратным...

А дзе быў боль — каб ён аціх...

 

І так, святлеючы ўсім сэрцам,

Ішоў я далям насустрач.

Ішоў мінулы смутак смерці,

Цяжар мінулы скінуць з плеч...

І толькі нёс адну трывогу

У новы сонечны свой дзень —

Як лепш

прайсці сваю дарогу...

Сваю

дарогу

да людзей...

 

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан