epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Трывожная ноч

Трое сутак не ціхне,

Ўсё шырыцца шторм,

Захліпаецца далеч

Асенняю бурай.

Мора з грукатам б’ецца

Аб выступы гор,

Быццам вырвацца хоча

З прасоленай скуры.

 

Ноч.

Здаецца, што час ужо

Ўсім спачываць.

Але што там за людзі

На бераг павыйшлі?

І чаму яны ў цемру

Трывожна глядзяць,

Дзе ўздымаюцца хвалі

Усё вышай і вышай?

 

Можа, родныя іх —

Маракі, рыбакі

Недзе ў моры цяпер,

Не паспелі вярнуцца?

Не! Даўно яны дома.

А іх чаўнакі,

Іх шаланды

над бураю

Толькі смяюцца!

 

Тут ніхто не чакае нікога,

Але

Горад знае,

Што ў моры раз’юшаным

зараз

Можа быць чалавек —

У бясконцай імгле

Аб агнях маяка,

Аб прыстанішчы марыць.

 

Ён, магчыма, нікому

Не брат і не сват,

Але ён чалавек —

Сябра наш падарожны!

Хай жа будзе спагаднай

Сустрэчай ён рад,

Хай адчуе, што тут

Аб ім думае кожны!

 

Шторм грыміць.

Каля мола — маўчання лядок.

Але раптам —

чаму ён,

Натоўп, скалыхнуўся?..

Гэта нехта сказаў,

Што пачуўся гудок,

Гэта некаму

Вокліч нібыта пачуўся.

 

Міг —

і раптам з-за хваляў,

Аднекуль

Здалёк,

Аганёк, нібы зорка,

Над морам узвіўся.

То маленькім ён быў,

То ён рос, аганёк,

То ў бяздонне ляцеў,

То высока свяціўся.

 

Потым той аганёк

Стаў шырокім агнём,

Л праз момант яшчэ —

Не агнём, а агнямі.

Гэта быў цеплаход...

Сярод хвалістых стром,

Нібы крыгу, яго

Шкуматала вятрамі.

 

Але ўсё ж ён ішоў,

Хоць і ў стоме зусім.

І, ўслаўляючы

Мужнасць яго і адвагу,

Людзі бурна, ад сэрца

Віталіся з ім,

Пасылалі хвалу

Яго гордаму сцягу.

 

...Горад туліць гасцей,

Сцеражэ іх спакой.

Але сам —

сам у шторм

Спачываць ён не будзе!..

Засланяючы вочы

Ад солі рукой,

Углядаюцца ў мора

Сардэчныя людзі...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан