epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Твая песня

Расчыніце ўсе дзверы насцеж,

Сэрцы ў новы палёт падрыхтуйце!

Над прасторамі —

Чуеце? Чуйце! —

Нараджаецца песня аб шчасці.

 

Сад дацвіў, і гарачае лета

Напаўняе ўжо сокамі завязь,

Звонам пчол, крыкам ластавак славіць

Даль зялёную роднага света.

 

Жыта ціхім было яшчэ ўчора,

А сягоння шуміць каласамі,

Разлілося жытнёвае мора

І злілося з лугамі, лясамі.

 

Колькі тут маладога прыволля,

Колькі ўсцяж прыгажосці для мары!

Дай руку, дарагі мой таварыш,

Гэтых дзён не забыць нам ніколі.

 

Можа, ты іх сама не пазнала,

Я ж пачуў — у бясконцым і звонкім

Шуме-гомане роднай старонкі

Словы песні, што ты праспявала.

 

Словы песні пра нівы і рэкі,

Пра зямлю, што сваімі рукамі

Мы ўпрыгожылі, каб юнакамі

З ёй застацца навекі, навекі!..

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан