epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ты — мая Яраслаўна..."

Ты — мая Яраслаўна.

І калі табе сніўся крумкач

Над параненым мной,—

што ж, не сорам, паплач.

 

Над палямі, над пожнямі,

Над лясамі дрымучымі,

Над сцяжынкаю кожнаю,

Над балотам, над кручаю.

 

Мне сляза твая шчырая

Будзе збавай ад смутку і стомы.

З ёй з ваеннага выраю

Пераможцам вярнуся дадому.

 

Я скажу: — Падымайся, жыві! —

Краю вечнай свабоды,

Для якога не толькі крыві —

І жыцця мне не шкода.

 

Ты — мая Яраслаўна.

Ды калі табе сніўся крумкач

Над магілай маёй —

бог у сведкі, не плач.

 

Пад варожаю куляю

Сябры вёсен не падаюць.

Б’ецца ў іх пад кашуляю

Сэрца вольнае, радае.

 

Залатымі зарніцамі

Наша доля яшчэ запалае.

Сіл салдацкіх крыніцаю

Стала ты для мяне, дарагая.

 

Я скажу яшчэ: — Слаўны, жыві! —

Краю вечнай свабоды,

Для якога не толькі крыві —

І жыцця мне не шкода!

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан