epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ты ці не ты

Ты ці не ты там стаіш арабінай —

З хусткай барвістаю,— ты ці не ты,

Ціха апаўшы тугой вераснёвай

На бераг круты?

 

Ты ці не ты неаджытым праменем

З днём развіталася — ты ці не ты,

Кінуўшы ўсім чарацінам на плёсе

Своіі бляск залаты?

 

Ты ці не ты пралягла над зямлёю

Зорнай дарогаю — ты ці не ты,

Ззяючы роздумам, ззяючы ўцехай

Для кожнай вярсты?

 

Ты ці не ты...— адкажы, адгукніся.

Дзе ты? — ці ў радасці ты, ці ў журбе?..

І для чаго і нашто столькі часу

Хочаш, каб сэрца шукала цябе...

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан